На ўсе рукі рамонтнікі

Шчаслівая пара студэнцтва! Жыццё ад сесіі да сесіі, песні пад гітару… Сучасная моладзь не  любіць проста бавіць час. Яна выбірае актыўны лад жыцця. Адной з формаў карыснага правядзення вольнага часу  з’яўляюцца будаўнічыя атрады.

Студэнцкія будатрады — з’ява не новая. Іх папулярнасць сярод моладзі расце з кожным годам.

27 ліпеня  ў ЛДАКу сёмы год запар пачаў работу будатрад «Флагман». «Флагман» —  гэта 8 дзяўчат і 6 юнакоў, юных, прыгожых, не па ўзросце разважлівых. Іх аб’яднала  жаданне цікава, з карысцю  правесці час, набыць практычныя навыкі, падзарабіць.

— Жадаючых было значна больш, —  гаворыць намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Мікалай Дабрыянец. —  Праца ў атрадзе залічваецца ў тэхналагічную практыку, і яшчэ гэта магчымасць дадатковага заработку. Сёлетнія  будатрадаўцы —  навучэнцы 4-га курса агранамічнага аддзялення.

—  Наш атрад вельмі дружны, усе даручэнні рабяты выконваюць адказна, ніхто работы не цураецца, — далучаецца да размовы камендант інтэрната № 3 Таццяна  Сельмановіч. — За пару дзён адрамантавалі ўжо 20 пакояў: клеяць шпалеры, фарбуюць падлогу, беляць, устанаўліваюць новыя шафы, сталы, стулы. Наогул, у пакоях інтэрнатаў да новага навучальнага года абноўлена ўся мэбля.

Дарэчы, педагогі і выхавальнікі каледжа падрыхтавалі для рабят разнастайную праграму адпачынку,  а  райкам БРСМ сумесна з адміністрацыяй установы вырашылі за якасную работу ўзнагародзіць ”флагманаўцаў” — арганізаваць для іх  экскурсію. Не толькі да работы здатныя каляджане, але і адпачываць умеюць ад душы.

Наталля Перапечка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *