Дыпламаванае трыа

З 8 па 12 студзеня ў Брэсце, Баранавічах, Пінску, Кобрыне і Драгічыне прайшоў трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па 17 вучэбных прадметах. Упершыню прайшла алімпіяда па фізічнай культуры і здароўю.
Удзел у іспытах узялі каля тысячы школьнікаў з усіх раёнаў Брэстчыны. Дарэчы, найбольш прэтэндэнтаў на перамогу – 100 – было сярод матэматыкаў, а таксама па беларускай мове і літаратуры – 75.
Ляхавіччыну прадстаўлялі разумнікі і разумніцы з васьмі ўстаноў адукацыі: СШ № 1 і № 2, гімназіі, Начаўскай, Ліпскай, Крывошынскай, Жарабковіцкай і Конькаўскай школ.
Сёлета ў агульнакаманднай скарбонцы ляхавіцкіх інтэлектуалаў – тры дыпломы, усе III ступені. Па беларускай мове ў прызавую тройку ўвайшлі адзінаццацікласніцы гімназіі Аляксандра Праневіч (настаўніца Святлана Ермаковіч) і Ліпскай СШ Кацярына Дыдышка (настаўніца Святлана Дубіна), па рускай мове – вучаніца 9 класа СШ № 2 Дар’я Дзямід (настаўніца Вераніка Кумейша).
Галіна КАНЬКО.