А самыя важныя – клопаты гаражныя. Аграрыі Ляхавіччыны рыхтуюцца да вясны. Вядуць планава-прафілактычнае абнаўленне, рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі

Слесар Міхаіл Кандыба і механізатар Павел Куцко за рамонтам трактарнага рухавіка.

Комплекс рамонтных майстэрняў, гаражы-стаянкі і іншая база ў перыметры машынных двароў прэтэндуе сёння на ролю самага гарачага цэха сельгаспрадпрыемстваў. Як у прамым сэнсе – струменіць языкамі полымя кавальскі горн, актыўнічае электрагазазварка, так і ў сэнсе напружанасці працоўных будняў. Аграрыі рыхтуюцца да вясны: вядуць планава-прафілактычнае абслугоўванне, рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі.

– Найбольш акцэнтаваная ўвага – на машыны і агрэгаты, чый выхад – першы, – тлумачыць арганізацыйна-рамонтную стратэгію в.а. галоўнага інжынера ААТ «Жарабковічы» Георгій Жук.
Плугі, культыватары, сеялкі, комплексныя глеба-апрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, трактары… У памяш-канні Жарабковіцкай РММ вакол аднаго з МТЗ-952 дзелавая ажыўленасць. Як і не аднойчы раней, у веснавым палявым сезоне «Беларус» будзе задзейнічаны на пару з бурачнай сеялкай. Пакуль жа працуюць з ім. За гады службы некаторыя элементы кабіны страцілі свой функцыянал і падлягаюць аднаўленню. Работа для зваршчыка, слесара або гаспадара-механізатара ў ролі рэзчыка ліставога металу. Спецыяліст, што працуе з «балгаркай», экіпіраваны ў адпаведнасці з правіламі тэхнікі бяспекі. У ААТ з гэтым строга, падкрэслівае в. а. галоўнага інжынера.
На іншых рамонтна-аднаўленчых лакацыях гаспадаркі таксама выконваюцца работы. Але з адной і той жа мэтай, аднолькава актыўна, і на «жарабковіцкім» узроўні майстэрства.
У магутным, са зборнага жалезабетону ангары трафік рамонтных работ, як падалося, некалькі менш інтэнсіўны. Але куды большая лінейка разнастайнай тэхнікі. У тым ліку і корманарыхтоўчай, падрыхтоўкай якой у «Жарабковічах» заняліся ці не адначасова з работамі над глебаапрацоўчымі машынамі і агрэгатамі. Некаторыя з шэрагу апошніх, як патлумачыў Георгій Жук, ужо «выстаўлены» на лінейку гатоўнасці. Некаторыя іншыя экзэмпляры прадстаўлены літаральна ў выглядзе каркаса. Напрыклад, камбінаваны шыроказахватны агрэгат, старая рама якога паступова абрастае новым ці адноўленым абвесам.
Спецыяльны прычэп для ўнясення мінеральных удабрэнняў падрыхтаваны пад капітальны рамонт. Падрыхтоўка азначае разборку: рама сама па сабе, ёмістасць для груза – асобна.
– Карозія з’ела ўсё, што можна. Месцамі да дзірак, таму фактычна ўсё неабходна пераварваць. Спецыяліст з багатым вопытам выканання падобных работ у нас ёсць. Віктар Войцік зваршчык-профі, адказны працаўнік, большасць асабліва тонкіх профільных работ па гаспадарцы выконвае ён, – характарызуе свайго падначаленага Георгій Жук.
Побач – сектар для рамонту і абслугоўвання аўтамабіляў. У тым ліку і невялікая пляцоўка, адаптаваная для работы з легкавікамі. Зрэшты, у «наш» час актыўнасці там не назіралася – не да ВАЗаў, калі на парадку дня абслугоўванне, рамонт грузавікоў, трактароў і іншай сельгастэхнікі, якой у «Жарабковічах» багата. Адных толькі трактароў больш за восем дзясяткаў, некалькі дзясяткаў аўто, збожжа- і кормаўборачныя камбайны, «Холмер» для ўборкі буракоў. Плюс розныя прычапныя і навясныя механізмы, якімі шырока занята-застаўлена ў тым ліку і спецыялізаваная адкрытая пляцоўка. І ўсё патрабуе ўвагі – калі не рамонтнікаў, то майстроў сэрвіснага абслугоўвання.
Іван КАВАЛЕНКА.

ФАКТ

У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна налічваецца 321 трактар, 41 глебаапрацоўчы і 31 камбінаваны глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат, 15 сеялак. Планаваму рамонту падлягалі 84, 20, 16 і 8 адзінак кожнага з відаў тэхнікі адпаведна. Прыкладна палова планавых рамонтаў на гэты час ужо выканана. Да 1 сакавіка аграрыям раёна належыць завяршыць падрыхтоўку тэхнікі да веснавых палявых работ.