А я выбіраю цягнік

У першую нядзелю  жніўня адзначаюць сваё прафесійнае свята  работнікі беларускай чыгункі. Раённы  выканаўчы камтэт і раённы Савет дэпутатаў віншуюць чыгуначнікаў.

У паездках на цягніку ёсць асаблівая рамантыка: рытмічны стук колаў, стракатасць пралятаючых населеных пунктаў, задушэўныя размовы з зусім незнаёмымі людзьмі і, канешне, самы смачны чай у прыгожых падшклянках.

Напярэдадні свята мы наведалі чыгуначную  станцыю «Ляхавічы», каб павіншаваць тутэйшых работнікаў з іх святам і высветліць, што для іх значыць  месца работы.

— Чыгунка  для мяне не проста словы — гэта мая работа , якая прыносіць задавальненне, — расказвае начальнік чыгуначнай станцыі Ігар Куніцкі. — Як гавораць, — на работу з радасцю, з работы — з гордасцю. Гэта пра мяне. На чыгунцы ўжо 16 гадоў, з іх 6 узначальваю  калектыў . Ён у нас невялікі — 12 чалавек, але дружны.  Усе адказна адносяцца да сваіх абавязкаў. Праз нашу  станцыю  за суткі праходзіць  больш за 40 грузавых і пасажырскіх цягнікоў. У нас можна браць білеты на ўсе цягнікі далёкага накіравання туды і назад: і на Маскву, і на Далёкі Усход, і на электрапаязды рэгіянальных ліній… Толькі ў польскім напрамку нельга — патрэбна віза. Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць калег з прафесійным святам. Жадаю ім быць заўсёды першымі і лепшымі, доўгіх дзён жыцця, дастатку і ладу ў сем’ях.

Дзяжурная па станцыі Ларыса Пятроўская  дадае:

— А для мяне работа на чыгунцы — гэта сямейная дынастыя. Мае бацькі працавалі ўсё жыццё на чыгунцы. Таму выбар прафесіі быў не выпадковы. Жылі на пераездзе. Міма нас праходзілі цягнікі. Мяне зачароўвалі мільгаючыя агеньчыкі семафораў. Марыла стаць  дзяжурнай па станцыі, насіць форму з пагонамі… 29 гадоў назад закончыла Вільнюскі тэхнікум чыгуначнага транспарту. З таго часу на работу іду толькі  з радасцю. Розныя сітуацыі адбываліся. Раскажу адзін  выпадак. Час адпраўлення цягнікоў на Гомель — Гродна і Гродна — Гомель адрозніваецца  некалькімі хвілінамі. Аб’явілі,  на які перон прыбывае кожны. Пасажырка купіла білет. Садзіцца ў цягнік. Гляджу — выходзіць. Пытаю ў правадніцы, чаму жанчыну высадзілі, яна ж з білетам. Аказваецца, села не ў тым напрамку. Які першы прыбыў — у такі і зайшла…  Каб не правадніца, падарожжа жанчыны магло б зацягнуцца.

А што значыць чыгунка для пасажыраў? Чаму многія аддаюць перавагу гэтаму транспарту?

Стэфаніда:

— Я жыву ў Ганцавічах. У Ляхавічах у мяне дачка. Лепшага транспартнага сродку зносін паміж гэтымі гарадамі не прыдумаеш. Асабліва для пенсіянераў. Вельмі зручна.Таму чыгуначным  транспартам я карыстаюся пастаянна. Добрыя,  ветлівыя работнікі.

Віктар:

— Надзейны сродак перамяшчэння.Самы танны і самы зручны. Карыстаюся толькі чыгункай. Таму хачу пажадаць работнікам станцыі моцнага здароўя.

Алена:

— Чыгунка — магчымасць перамяшчэння ў любую кропку свету, новыя знаёмствы. Выпадковы спадарожнік у цягніку стаў маёй другой палавінкай. Таму, калі паўстае пытанне выбару транспартных сродкаў — выбіраю чыгунку. Ляхавіцкая станцыя невялікая, але ўтульная. Дзякуй за гэта работнікам. Таму ў прафесійнае свята жадаю ім сямейнага дабрабыту і працоўных дасягненняў.

Вось такі атрымаўся перадсвяточны дыялог . Чыгунка звязвае не толькі кропкі свету, але і лёсы людзей. Віншуем работнікаў станцый «Ляхавічы», «Рэйтанава» з Днём чыгуначніка. Дзякуй, што робіце нашы  падарожжы  камфортнымі і бяспечнымі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВИЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *