Пад снегам лёд

На змену адлізе прыйшлі траскучыя маразы, снегапады, парывісты вецер, якія прынеслі нямала непрыемных сюрпрызаў для людзей.
«Ураджайным» на зімовыя траўмы выдаўся пачатак тыдня. В.а. намесніка галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Андрэй Курак расказаў, што за дапамогай да медыкаў з гэтай нагоды звярнуліся 9 чалавек: пяцёра лечацца амбулаторна, чацвёра шпіталізаваны ў хірургічнае аддзяленне райбальніцы.
Як адзначае Андрэй Курак, ахвярай галалёдзіцы можа стаць кожны. Каб перасцерагчыся, медыкі раяць уважліва (і не толькі зімой) глядзець сабе пад ногі, абыходзіць небяспечныя месцы (лёд, схілы і г. д.). Калі слізкае месца нельга мінуць, перамяшчацца па ім лепш невялікімі крокамі на крыху сагнутых нагах, наступаць на ўсю падэшву. Асаблівая парада модніцам: узімку не варта выбіраць абутак на высокім абцасе, лепш на нізкім з рэльефнай падэшвай.
Але адной асцярожнасці і ўважлівасці пешаходаў мала. Пра бяспеку ў такіх выпадках павінны клапаціцца і спецыялізаваныя службы, і арганізацыі, на чыім балансе ці ў арэндзе якіх знаходзяцца будынкі.
Асфальт і дарожная плітка з белым налётам – гэта не рэшткі снежнага покрыва, а соль, якую шчодра рассыпаюць камунальнікі, змагаючыся з ільдом. Напэўна, для навакольнага асяроддзя і нашага абутку карысці тут мала, але, як расказалі ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, пры плюсавой тэмпературы і лёгкім марозе соль – самы надзейны сродак у барацьбе з галалёдзіцай, пры больш нізкіх тэмпературах эфектыўней пясчаныя сумесі.
Дарэчы, супрацоўнікі райЦГіЭ праводзяць маніторынг не толькі санітарнага стану тэрыторый, але і супрацьгалалёдных мерапрыемстваў. Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ляхавіцкага раёна Віталія Ціханава, сітуацыя трымаецца пад кантролем.
Галіна КАНЬКО.