Энергія паспяховасці. У таленавітых настаўнікаў – таленавітыя вучні. Галіна Сігізмундаўна і многія пакаленні яе школьнікаў гэта толькі даказваюць.

Настаўніца біялогіі Галіна Бунель па праву
можа раздзяліць поспех сваёй вучаніцы адзінаццацікласніцы Жарабковіцкай СШ Дар’і Каляды, якая нядаўна адзначана прэміяй спецфонда Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Настаўніца біялогіі Жарабковіцкай школы Галіна Бунель яшчэ са студэнцкай аўдыторыі зразумела: вучыцца – значыць даследаваць. І гэта ў яе атрымліваецца выдатна, як і знаходзіць юных даследчыкаў-аднадумцаў, што задаюць ёй тысячу і адно пытанне, а пасля разам шукаюць на іх адказы. Яна дакладна ўжо і не прыгадае, колькі ў яе саракагадовай педагагічнай дзейнасці было вучэбных прац, што перамаглі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх навукова-даследчых конкурсах.
Вось і цяпер разам са сваёй вучаніцай адзінаццацікласніцай Дар’яй Калядой расказваюць, як некалі ў восьмым класе літаральна знайшлі адзін аднаго. А калі вопытны настаўнік бачыць патэнцыял у школьніка і ведае, як яго развіць, а вучань – зацікаўлены, любіць назіраць, аналізаваць і прагне адкрываць новае, гэта, як кажуць, грымучая сумесь. У нашым выпадку яны яшчэ і даследчыкі. Тэмы выбіраюць самыя актуальныя – усё з жыцця, прызнаюцца Галіна Сігізмундаўна і Даша.
Спачатку вывучалі і давалі эколага-паразіталагічную характарыстыку нашай Ведзьмы, пасля назіралі, як уплываюць стымулятары росту на развіццё каранёў у чаранкоў хатніх раслін. Цікавым, практыка-арыентаваным, а яшчэ і пераможным стаў праект, дзе яны вывучалі магчымасць атрымання двух ураджаяў ранніх сартоў бульбы за адзін сезон. Ураджай сабралі, і не толькі бульбы. Дыплом першай ступені ўзялі на вобласці. Заўважылі гэту работу і на рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці вучнёўскай моладзі «Тэхнаінтэлект», дзе яна ўзяла дыплом другой ступені (за гэта, дарэчы, Даша і атрымала прэмію спецфонда Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў).
Між іншым, праект не закончыўся, адзін з вучняў Галіны Сігізмундаўны Аляксандр Русакевіч працягнуў працаваць далей. У выніку ў маі сабралі трэці ўраджай бульбы і вызначылі смакавыя якасці ўраджаю. Даследаванні зафіксавалі і прадставілі на абласным біёлага-экалагічным конкурсе даследчых работ. А ў лютым нашы даследчыкі-пераможцы паедуць ужо на рэспубліканскі конкурс і раскажуць пра свае распрацоўкі.
Яшчэ адна тэма, якой захапляецца Галіна Бунель, а разам з ёй і яе юныя навукоўцы – вывучэнне прычын высыхання сасны. Вучэбны матэрыял для доследаў і даследаванняў – лясны масіў Ляхавіцкага лясніцтва. Дарэчы, на юніёрскім лясным конкурсе «Квітней, мой лес» Дар’я Каляда па гэтай тэме абараніла навуковую працу і на рэспубліканскім этапе атрымала дыплом другой ступені. Зацікавіўся гэтай праблемай яшчэ адзін юны даследчык Арсеній Лахманкоў: цяпер ён вывучае, як верхавінны караед знішчае лясное багацце, рыхтуецца выступіць на абласной навукова-практычнай канферэнцыі.
А ў Дашы Каляды пачаўся надзвычай адказны перыяд –
рыхтуецца да экзаменаў і ЦТ. Марыць стаць студэнткай медыцынскага ўніверсітэта, а пасля ўрачом-кардыёлагам. Упэўнена ў сваіх мэтах, ведае, як іх дасягнуць, і, канешне, спадзяецца на поспех. А яшчэ расказвае, што менавіта яе настаўніца, навуковы кіраўнік і сапраўдны сябар Галіна Сігізмундаўна зараджае паспяховай энергіяй.
А некалькі месяцаў назад у асабістай скарбонцы Галіны Бунель з’явілася яшчэ адна вельмі важкая і ганаровая ўзнагарода – нагрудны знак «Выдатнік адукацыі».
Маргарыта КУХТА.