У накірунку ўстойлівага развіцця

Першы Нацыянальны форум па ўстойлівым развіцці прайшоў у Мінску пры ўдзеле дзяржсектара і партнёраў, а таксама міжнародных прадстаўнікоў. Прывітанне ўдзельнікам форуму накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка

Больш за 400 чалавек – прадстаўнікі МЗС, Мінэканомікі, Мінпрацы і сацабароны, Мін-энерга, Мінпрыроды, Белстата, Нацыянальнай акадэміі навук, ПВТ, прамысловых прадпрыемстваў, вядучых ВНУ, а таксама грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, прадстаўнікі агенцтваў ААН і міжнародныя эксперты – абмяняліся меркаваннямі і агучылі свае прапановы па далейшай рабоце ў галіне МУР і неабходных мерах для яе ўдасканалення, намецілі арыенціры на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновую
перспектывы.
На форуме быў прадстаўлены нацыянальны вопыт Беларусі па дасягненні МУР і разгледжаны рэалізацыя Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2030 года і падрыхтоўка Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Дадзена ацэнка гатоўнасці Беларусі да маніторынгу дасягнення МУР, арганізацыі работы ў рэгіёнах. Асобная ўвага ўдзелена імплементацыі Беларуссю рэкамендацый экспертаў ААН (місія MAPS) па паскарэнні дасягнення МУР і ўзаемадзеянні з міжнароднымі партнёрамі.
У 2015 годзе дзяржавы – члены ААН прынялі Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця да 2030 года, які ўключае ў сябе спіс з 17 Мэт устойлівага развіцця (МУР). Яны накіраваны на ліквідацыю беднасці і голаду, барацьбу з няроўнасцю і несправядлівасцю, вырашэнне праблем, звязаных з кліматычнымі змяненнямі. Парадак дня-2030 – комп-лексная стратэгія павышэння якасці жыцця людзей, развіцця і спажывання без шкоды для будучых пакаленняў. Усе 17 мэт адаптуюцца і для Беларусі. Над гэтым працуюць нацыянальны каардынатар па дасягненні МУР, Савет па ўстойлівым развіцці (куды ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх дзяржорганаў), партнёрская і іншыя групы, грамадзянская супольнасць і міжнародныя арганізацыі. Усе іх прапановы будуць адлюстраваны ў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця на перыяд да 2035 года. Праграмныя дакументы, заканадаўчыя акты таксама будуць абапірацца на мэты Парадку дня-2030.
Тое, што Беларусь дасягнула значных вынікаў у рэалізацыі Парадку дня-2030, і яе работа і вопыт, прыхільнасць да Мэт устойлівага развіцця высока цэняцца на глабальным узроўні, адзначыла першы намеснік Генеральнага сакратара ААН Аміна Махамед у сваім відэазвароце на першым Нацыянальным форуме ўстойлівага развіцця ў Мінску.


«Удзел усяго грамадства мае вырашальнае значэнне для актыўнай трансфармацыі, неабходнай да 2030 года. Узаемадзеянне парламента і выканаўчай улады, грамадзянскай супольнасці, навукі і прыватнага сектара заўсёды станоўча ўплывае на дасягненне пастаўленых мэт. На шчасце, многае ўжо зроблена ў Беларусі. Ваша краіна дэманструе прагрэс. Урад прайшоў вялікі шлях у выбудоўванні нацыянальнай палітыкі па дасягненні Мэт устойлівага развіцця», – сказала Аміна Махамед.
Беларусь шмат працуе над фарміраваннем станоўчага іміджу на сусветнай арэне. Розныя паказчыкі развіцця краіны і работы па ўстойлівым развіцці дазваляюць займаць высокія пазіцыі ў глабальных рэйтынгах. Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар’яна Шчоткіна звярнула ўвагу на такі важны рэйтынг, як індэкс дасягнення глабальных Мэт устойлівага развіцця за 2018 год. «Ён разлічваецца для 156 краін свету на аснове 100 паказчыкаў, звязаных з выкананнем МУР. Беларусь заняла ў ім 23-е месца (76 балаў са 100) і ў цэлым атрымала ацэнку вышэйшую за сярэднюю па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі», – сказала яна.
Паводле слоў нацыянальнага каардынатара, гэтыя лічбы пацвярджаюць, што праводзімая работа дае свае вынікі. «Але мы толькі на пачатку шляху, нам яшчэ многа давядзецца зрабіць для таго, каб забяспечыць устойлівае развіццё нашай краіны. Што для гэтага патрэбна? Не заставацца ўбаку. Хацелася б, каб мэта нашага першага форуму «Ва ўстойлівую будучыню – разам!» была прынята грамадствам і стала своеасаблівай нацыянальнай ідэяй», – дадала Мар’яна Шчоткіна.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.