Сабраць партфель у школу

Летнія канікулы пралятаюць вельмі хутка: праз некалькі тыдняў школьны званок пакліча кагосьці ў чарговы раз, а кагосьці ўпершыню ў краіну ведаў. Ужо з ліпеня здаюць экзамен на падрыхтаванасць да новага навучальнага года бацькі, швейныя і абутковыя прадпрыемствы, гандаль. Менавіта з гэтага часу па ўсёй краіне пачалі працаваць традыцыйныя школьныя кірмашы. Сучасная, на розны густ школьная форма, камфортны абутак, канцылярскія прыналежнасці, партфелі і многае іншае, што спатрэбіцца і першакласнікам, і выпускнікам, у вялікім асартыменце прысутнічае спецыялізаваных гандлёвых цэнтрах, магазінах і, безумоўна, на кірмашах. Ляхавічы не сталі выключэннем. Канешне, не ў такіх маштабах, як у больш буйных гарадах, але ўсё неабходнае можна купіць без праблем, напрыклад, у спажывецкіх крамах райпо. Бясспрэчны лідар па асартыменце тавараў і колькасці наведвальнікаў, якія не пакідаюць краму без пакупкі, — дзіцячы свет «Аліса». Сёлета, як і ў мінулыя гады, паліцы магазіна прыемна ўражваюць разнастайнасцю асартыменту. У апошнія дні пакупнікоў асабліва шмат: многія імкнуцца загадзя «сабраць партфель» і павесіць на плечыкі новае прыгожае школьнае адзенне. Хто з бацькоў пабываў тут, мяне, безумоўна, падтрымае. Напрыклад, у мінулыя выхадныя ўсё  неабходнае для школы ад адзення да сшыткаў набылі тром маім пляменнікам 7, 10 і 13 гадоў.

Па словах загадчыцы магазіна Святланы Байрамавай, за ліпень выручка «Алісы» склала больш за 160 мільёнаў рублёў. Сёлета адзенне для школьнікаў можна набыць пры жаданні ў беспрацэнтную растэрміноўку на 4 месяцы без абавязковага першапачатковага ўзносу (за ліпень такім чынам прададзена тавару на 22 мільёны рублёў). У «Алісе» — тавары розных вытворцаў, пераважна беларускіх прадпрыемстваў. Прапануюцца касцюмы для хлопчыкаў вытворчасці Баранавіцкай і Навагрудскай швейных фабрык класічнага фасону і розных колераў. Кошт ад 280 тысяч да 400 тысяч рублёў. Гэтыя прадпрыемствы шыюць і касцюмы для дзяўчынак. Парадуе юных модніц выбар школьных сарафанаў вядомых брэндаў «Калінка», «8 Марта», кошт якіх вагаецца ад 60 тысяч да 500 тысяч рублёў. Пры жаданні можна паасобку купіць штаны, спадніцу, кашулю ці іншы прадмет адзення. Вялікі выбар і па мадэлях, і па фактуры спартыўных касцюмаў, нацельнай бялізны, абутку паўсядзённага і спартыўнага, прычым выключна беларускай вытворчасці. Асартымент алоўкаў, ручак, пеналаў, сшыткаў радуе разнастайнасцю. Дарэчы, цэны на многія тавары ніжэй рыначных.

Выязны гандаль райпо пад шыльдай «Школьны кірмаш» штодня, акрамя панядзелка, чакае пакупнікоў і на рыначнай плошчы райцэнтра.

Няма асаблівай патрэбы і вяскоўцам ехаць у райцэнтр, каб сабраць дзіця ў школу. Як паведаміла начальнік аддзела арганізацыі гандлю Святлана Ракуць, неабходны асартыментны пералік тавараў завезены ва ўсе сельскія магазіны.

Дарэчы, школьнымі таварамі, акрамя райпо, гандлююць індывідуальныя прадпрымальнікі. Выбар за пакупніком, якому  варта паспяшацца: верасень не за гарамі.

Галіна КАНЬКО

Фота Сяргея Варановіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *