Ой, мамачкі! Чатыры нашы зямлячкі Указам Прэзідэнта № 496 ад 26 снежня 2018 года ўзнагароджаны ордэнам Маці

Калі яны паднімаліся на сцэну ГДК, зала расквецілася шчырымі ўсмешкамі і расшчодрылася на самыя гучныя апладысменты. Ад такой увагі гэтыя абаяльныя жанчыны, здавалася, зусім разгубіліся. Што зразумела – яны ж ніякія не артысткі, выступаць на публіку не прывыклі. Хаця да галоўных роляў усё ж маюць самае непасрэднае дачыненне. Кожная з іх – самая цудоўная, любімая, пя-шчотная і клапатлівая мама. Як мінімум – пяці дзяцей.

Пра тое, што чатыры нашы зямлячкі Указам Прэзідэнта
№ 496 ад 26 снежня 2018 года ўзнагароджаны ордэнам Маці, «ЛВ» ужо расказваў. Цяпер знаёмцеся: памочнік выхавальніка ясляў-сада № 1 райцэнтра Наталля Ракуць, загадчыца аддзялення прафілактыкі райбальніцы Святлана Грышкевіч, хатняя гаспадыня з в. Ураджайная Таццяна Руткоўская і майстар змены льнозавода Марына Шчарбакова (на здымку).
У мінулы чацвер падчас урачыстасцяў з нагоды 100-годдзя з дня ўтварэння БССР кожная з іх упершыню прымерала сваю ўзнагароду. Ордэн і пасведчанне да яго зямлячкам уручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса.
А ў бліжэйшы час «ЛВ» паспрабуе напрасіцца ў госці да ардэнаносных мам, каб расказаць сваім чытачам, як жывуць іх вялікія дружныя сем’і.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея Варановіча