Тут усё маё

Мая малая радзіма знаходзіцца далёка ад сталіцы: іх раздзяляе амаль 220 кіламетраў. Чаму не Мінск, падумаеце вы? Таму што менавіта тут збіраецца ўся сям’я, тут мае карані, тут усё маё.
Ляхавіччына – цудоўны кавалачак нашай неабсяжнай Айчыны, дзе  так прыемна сустракаць ціхія мірныя світанкі і любавацца захадам сонца. Ляхавіччына – мая малая радзіма.
Гісторыя горада пачынаецца прыкладна з XIV стагоддзя, годам заснавання лічыцца 1492 год. Назву самі ляхаўчане звязваюць з ляхамі – перасяленцамі з польскіх абласцей. Ляхавічамі ў розныя часы валодалі Барбара Радзівіл, Жыгімонт Аўгуст, Хадкевічы –
Ян Іеранім і потым яго сын Ян Караль, Сапегі, Масальскія, гетман Касакоўскі. Ляхавіччына – радзіма Фёдара Еўлашоўскага (1546) –
першага беларускага мемуарыста, аўтара «Дзённіка», што стаў каштоўнай старонкай нашай гісторыі і культуры. Фёдар Еўлашоўскі ў «Гістарычных запісках» пра сваё нараджэнне пісаў так: «Самому Пану Богу майму за ўсялякія яго дабрадзействы няхай будзе вечны гонар і хвала, дзякуючы клопатам якога і я, Фёдар Еўлашоўскі, нарадзіўся ад вышэйпамянёных родзічаў маіх у Ляхавічах у 1546 годзе». Сёння імя Фёдара Еўлашоўскага носіць ціхі завулак у райцэнтры.

Фота з архіва 
Мацвея ШАСЦЯРНЁВА

Няскораная зямля

Са старажытных часоў Ляхавічы славіліся бастыённым замкам, пабудаваным пры гетмане вялікім літоўскім Яне Каралю Хадкевічу ў ХVІ стагоддзі і вядомым як Ляхавіцкая фартэцыя. Ён вытрымаў 8 асад і быў адным з самых магутных умацаванняў не толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім, але і ў Рэчы Паспалітай.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Ляхавічы адышлі да Расійскай імперыі. Штуршок іх эканамічнаму развіццю дало будаўніцтва Палескай чыгункі. У 1897 годзе ў горадзе былі школа, бальніца, ганчарная майстэрня, 30 невялікіх лавак, вінакурня, пражывала больш за 5 000 чалавек, дзейнічалі царква, сінагога, мячэць. А праз тры гады тут працавала 91 малое прамысловае прадпрыемства, з’явілася пошта.
У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна. Ляхавічы знаходзіліся ў прыфрантавой паласе. Вясной 1919 года гэтае мястэчка захапілі польскія войскі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 года, Ляхавічы адышлі да Польшчы і да верасня 1939 года ўваходзілі ў Баранавіцкі павет Навагрудскага ваяводства .
Чорнай старонкай у гісторыі Ляхавіч-чыны стала Вялікая Айчынная. З самага пачатку вайны і да ліпеня 1944 года раён знаходзіўся ў акупацыі. Тысячы ўраджэнцаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі за мужнасць у барацьбе з ворагам. Сярод іх – Герой Савецкага Саюза Гаўрыіл Здановіч. На тэрыторыі раёна знаходзіцца 43 брацкія магілы, помнікі і абеліскі. У гады Вялікай Айчыннай фашысты спалілі 9200 беларускіх вёсак, 13 – у Ляхавіцкім раёне. Адна з іх – Свяціца, якую палілі двойчы, прычым 11 сакавіка 1943 года – ушчэнт, застаўся адзін попел… Вёску Свяціца называюць палескай сястрой Хатыні.

Ляхавіцкія мы

З Ляхавічамі паяднаны лёсы знакамітага празаіка Уладзіміра Дамашэвіча, гісторыка Віталя Скалабана, этнографа і фалькларыста Яна Чачота. У 1909 годзе ў вёсцы Флер’янова (раней Старыя Вошкаўцы) у паноў Бохвіцаў гасцявала польская пісьменніца Элаіза Ажэшка. Дасёння расце тут дуб, пасаджаны ёю. Ляхавіцкая зямля ўзгадавала такіх таленавітых людзей, як мастак Мікалай Таранда, прафесар, доктар медыцынскіх навук Віталій Ракуць, вучоны-фізік Міхаіл Петух, вядомы савецкі спявак Мікалай Пігулеўскі. Менавіта тут больш за 80 гадоў назад славуты Генадзь Цітовіч арганізаваў легендарны мастацкі калектыў – Падлескі народны хор. У жыхароў раёна ёсць нават свой святы –
Серафім Жыровіцкі, які родам з Падлесся, (у міру – Раман Шахмуць).
З Ляхавіччыны родам знакамітыя літаратары Алесь Бадак, Леанід Пранчак, Уладзімір Дамашэвіч, рэжысёр Міхаіл Пташук і іншыя. Алесь Бадак пра сваю Ляхавіччыну пісаў так: «Вельмі шкада, што ты ні разу не пабываў у гэтым ціхім куточку беларускай зямлі. А ты абавязкова палюбіў бы яго. Палюбіў бы задумлівы гарадок з нягучнаю назваю Ляхавічы. Палюбіў бы сціплыя, мудрыя вёсачкі з тутэйшымі шчодрымі і працавітымі людзьмі…».
Цікавы факт з гісторыі нашай сям’і (сям’я Хартановічаў спачатку жыла ў Коньках, а потым пераехала ў Галаўнінцы): у 1982 годзе мая мама пайшла ў першы клас Федзюкоўскай школы. На ўрачыстай лінейцы дзесяцікласнікі бралі за руку першаклашак і вялі іх у школу. Мая мама пайшла з Алесем Бадаком. Яны разам вучыліся ў гэтай школе. Мама расказвала, што ўжо ў той час Алесь часта чытаў свае вершы вучням і настаўнікам. Сёння Алесь Бадак – аўтар больш як 10 паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, многія ягоныя вершы пакладзены на музыку.
У вёсцы Пранчакі нарадзіўся паэт Леанід Пранчак, у якога нават прозвішча сугучнае з назвай вёскі. Ён аўтар тэкстаў песень «Даставай, Язэп, гармонік!», «Каля Чырвонага касцёла», «Сумны саксафон» і іншых, што сталі сапраўднымі народнымі хітамі.
Пра Міхаіла Пташука можна сказаць, што гэта сусветна вядомы беларускі кінарэжысёр, сцэнарыст, акцёр, прадзюсар. Нарадзіўся ў вёсцы Федзюкі. Шырокую вядомасць атрымала яго экранізацыя вядомых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў — «Вазьму твой боль» (паводле І. Шамякіна, 1982), «Чорны замак Альшанскі» (паводле 
У. Караткевіча, 1983), «Знак бяды» (павод-
ле В. Быкава, 1986), «У жніўні 44-га…» (2000).  Вельмі адметнай стала карціна «У жніўні 44-га…». Здымкі праходзілі цяжка. І менавіта пасля гэтага фільма Міхаіла Мікалаевіча запрасілі  ў Галівуд. У 2002 годзе Пташук трагічна загінуў у Маскве (разбіўся на машыне). 11 кра-савіка 2010 года адбылося адкрыццё мемарыяльнай дошкі на бацькоўскай хаце кінарэжысёра ў вёсцы Федзюкі па вуліцы Садовай, 48. А на ўездзе ў вёску ў памяць пра гэтага выдатнага чалавека ўстаноўлены Паклонны Крыж. Імем Міхаіла Пташука названа вуліца ў Ляхавічах.

І рэпіхаўская
непаўторнасць

Вёска Крывошын з усіх бакоў атулена лясамі, рэкамі і шчодрымі палямі. У вёсцы ёсць дзве бальніцы, дзве крамы, мясцовае лясніцтва, але галоўная яе славутасць –
Свята-Пакроўская царква, якая для маёй сям’і мае вялікае значэнне.
Гісторыя гэтай святыні звязана з дзейнасцю Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі. Па сведках гісторыкаў, у вёсцы ў 1670 годзе быў закладзены невялікі касцёл, а пасля паўстання 1863-1864 гг. ён быў перабудаваны ў праваслаўную Пакроўскую царкву. Мама расказвала, што ў савецкі час царква доўга стаяла разбуранай, што адраджэннем хрысціянскай святыні прыхаджане абавязаны ў тым ліку настаўніку геаграфіі Зубіку Яраславу Паўлавічу, які быў ініцыятарам і натхняльнікам ідэі аднаўлення і захавання гэтай царквы. Толькі ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя храм быў адрэстаўраваны і ў 1991 годзе па блаславенні епіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана пачаў дзейнічаць.
Менавіта ў гэтай царкве я ўпершыню пайшоў да споведзі, там нарадзілася наша сям’я, бо ў гэтым храме вянчаліся мае бацькі, тут жа хрысцілі малодшую сястру.
Па традыцыі ў канцы лета мы едзем у вёску, каб пабыць на службе 28 жніўня на Успенне Прасвятой Багародзіцы, а 29 жніўня мае бацькі святкуюць чарговую гадавіну вяселля.
Любімым месцам у вёсцы з’яўляецца парк Рэпіхава. Калісьці тут быў фальварак графа Патоцкага, вялікі дом, паненкі ездзілі на конях. А сёння засталіся толькі дрэвы ды алея. Дарэчы, тут расце больш за 40 відаў дрэў і кустоў. Самы дзіўны для мяне – серабрысты клён. На адной з пліт напісана, што ў вёсцы Крывошын «жыў Ян Чачот – адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, сябра вялікага польскага паэта Адама Міцкевіча». І сапраўды, у гэтых месцах прайшлі дзіцячыя гады Чачота. У графа Патоцкага аканомам працаваў бацька пісьменніка.
Мы вельмі любім хадзіць у гэты парк, хоць ён і не нагадвае сталічныя паркі. Тут няма атракцыёнаў, марожанага, мітусні, але ёсць дзіўная казачнасць і прыгажосць… Тут можна пабыць у звонкай цішыні, паразважаць і проста адпачыць душою.
Мне хочацца, каб гэтыя кранальныя і дарагія сэрцу краявіды і каштоўнасці ўбачылі і наступныя пакаленні, а мілая вясковая цэркаўка была і заставалася для нас (не толькі для маёй сям’і) сімвалам веры, міласэрнасці і цярпення назаўсёды, каб Рэпіхава радавала шмат пакаленняў сваёй непаўторнасцю.

Чыстасардэчнае
прызнанне

А яшчэ я вельмі люблю чытаць нашу раёнку – газету «Ляхавіцкі веснік». Гэта ўжо трэцяя назва выдання. Спачатку яна называлася «Совецкі патрыёт», потым – «Будаўнік камунізму». Калі дзе-небудзь сам не пабуду, то абавязкова прачытаю. І вершы тут цудоўныя, і проза, і проста местачковыя навіны.
Шмат розных баек я пачуў на Ляхавіч-чыне, шмат паданняў. І цяпер людзі кажуць, маўляў, нездарма раку, што цячэ праз горад, назвалі Ведзьма. Гавораць, што ў вадзе жыве ведзьма, якая не надта любіць людзей. Ёсць яшчэ легенда пра Рацібора і Чарняву. Кажуць, што на беразе ракі можна пачуць іх шэпт…
…У вёсцы пасля 7 класа мой дзед навучыў мяне касіць. Цяпер я маю сваю касу шасцёрачку, магу нават кляпаць сам яе бруском. А яшчэ найвялікшае задавальненне атрымліваю ад рыбалкі з дзедам. Тут, у вёсцы, самыя чароўныя і ціхія світанкі, самае чыстае неба.
Мая малая радзіма – прыгожы куточак Беларусі пад назвай Ляхавіччына – мае багатую гісторыю, і тут жывуць цудоўныя людзі. І нічога не можа быць мне мілей за яе!
Мацвей ШАСЦЯРНЁЎ,
вучань гімназіі № 16 г. Мінска.

У Мінскім гарадскім конкурсе даследчыцкага характару па гісторыі «Мая малая радзіма» работа Мацвея Шасцярнёва была сярод лепшых.