Радзіма мая дарагая. У Ляхавічах адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя векавому юбілею ўтварэння БССР

У зале ГДК, фактычна, аншлаг. Сярод ганаровых гасцей былыя кіраўнікі раёна, аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, прамысловых, сельскагаспадарчых, будаўнічых прадпрыемстваў, банкаў, слаўныя працаўнікі-ветэраны – гонар Ляхавіччыны. Многія з гэтых паважаных і заслужаных у сваёй справе людзей і зараз у страі і працоўных клопатах. Працягваюць шчыраваць на карысць краіны, вобласці, раёна, на правах настаўнікаў перадаюць свой багаты вытворчы і жыццёвы вопыт моладзі. Некалькім дзясяткам ветэранаў, вядомым у раёне і не толькі людзям, былі ўручаны памятныя медалі ЦК КПБ «100 гадоў КПБ і Беларускай ССР».

Урок векавой гісторыі прайшоў у мінулы чацвер у ГДК. Максімальна інтэрактыўна, з выкарыстаннем у якасці наглядных дапаможнікаў прадметаў, рэчаў, нематэрыяльных каштоўнасцяў з мінулых –
далічбавых – дзесяцігоддзяў. Згрупаваныя ў тэматычныя інсталяцыі, яны прыцягвалі ўвагу ўсіх без выключэння. Людзі шаноўнага ўзросту разглядвалі выставы з веданнем справы і, магчыма, не без настальгіі ў душы і цеплыні ў сэрцы. Для школьнікаў многае з выстаўленага выклікала як цікавасць, так і пытанні. Тэма ўрока і нагода для ўрачыстасці – 100-годдзе з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
Выступаючы з трыбуны ўрачыстага пасяджэння, старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса адзначыў выключную важнасць і значнасць падзей векавой даўнасці, спыніўся на адметных момантах стагадовай гісторыі, узгадаў цяжкасці станаўлення маладой рэспублікі, «перагарнуў» яе гераічныя старонкі і павіншаваў землякоў з важкім юбілеем.
У якасці падарункаў – і выступленні-віншаванні ад лепшых самадзейных калектываў раёна.
Іван КАВАЛЕНКА.