Гэта яшчэ не мяжа!

6 жніўня залаты медаль у штурханні ядра на ХХХ Летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане заваявала беларуска Надзея Астапчук. Гэта восьмая алімпійская ўзнагарода Беларусі ў Лондане і трэцяя — найвышэйшай пробы.

Раней у актыве беларускіх спартсменаў было два залатыя медалі — стралка Сяргея Мартынава і тэніснага тандэма Вікторыя Азаранка / Максім Мірны, два сярэбраныя плыўчыхі Аляксандры Герасімені, тры бронзавыя — Вікторыі Азаранка і штангістак Марыны Шкерманковай і Ірыны Кулешы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з найвышэйшым спартыўным званнем алімпійскіх чэмпіёнаў Сяргея Мартынава, Вікторыю Азаранка і Максіма Мірнага, Надзею Астапчук, а таксама накіраваў віншаванні члену нацыянальнай каманды Беларусі па плаванні Аляксандры Герасімені з нагоды заваявання двух сярэбраных медалёў на ХХХ летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане.

Прэзідэнт Беларусі ўзнагародзіў ордэнам Айчыны ІІІ ступені Сяргея Мартынава і Аляксандру Герасіменю за бліскучыя выступленні на ХХХ летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане.

Сяргею Мартынаву не было роўных у спаборніцтвах майстроў стральбы з малакалібернай вінтоўкі на 50м. У кваліфікацыйным турніры ён атрымаў безагаворачную перамогу, устанавіўшы новы сусветны рэкорд — 600 ачкоў. У фінальным раўндзе Сяргей Мартынаў зноў быў намнога мацнейшы за сваіх апанентаў, яшчэ раз палепшыўшы сусветнае дасягненне з сумай 705,5 бала.

Аляксандра Герасіменя на Алімпіядзе-2012 заваявала сярэбраны медаль у спаборніцтвах па плаванню на дыстанцыі 100 м вольным стылем. Яна стала першым і пакуль што адзіным прадстаўніком айчыннага плавання, хто здолеў здабыць алімпійскі медаль у гэтым відзе спорту пасля набыцця нашай краінай суверэнітэту. Другім сярэбраным медалём папоўніла сваю алімпійскую скарбонку спартсменка на дыстанцыі 50 м вольным стылем.

Дзякуючы трэцяму залатому медалю беларуская каманда на ХХХ летніх Алімпійскіх гульнях у Лондане з 8 узнагародамі (3 залатыя медалі, 2 сярэбраныя і 3 бронзавыя) перамясцілася на 14-е месца. Па стане на раніцу 7 жніўня, калі нумар рыхтаваўся да друку, алімпійскія медалі заваявалі спартсмены  70 краін.

Па інфармацыі БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *