«Сапраўднаму палкоўніку» па сілах…

Удакладню пра каго размова. Не пра армейскі ранжыр – пра грамадзянскі, дакладней, пра асобу ў гісторыі.  Яшчэ больш дакладна, пра асобу кіраўніка ў працоўным калектыве. Каб заслужыць на гэтай пасадзе права звацца «сапраўдным палкоўнікам», трэба быць, ну, напрыклад, Аляксандрам Вітко. Шмат гадоў старшыня СВК «Ляхавіцкі», апошнім часам намеснік старшыні, ён паказаў і даказаў, як бязмежна многа можа і абавязаны зрабіць першы чалавек у калектыве, наколькі ён вынікова ўплывовы, паважана-аўтарытэтны. І, адпаведна, наколькі гучным і пераканаўчым павінен быць «камандзірскі» голас, каб яго не проста і не толькі чулі, але і выконвалі зададзенае. Прычым рабілі гэта ахвотна, з разуменнем і натхненнем.
Цяпер – пра яшчэ адну надзвычай важную акалічнасць. Паспяхова здаць экзамен на «сапраўднага палкоўніка» магчыма пры абавязковай умове: ён здолеў сфарміраваць, стварыць, зрэшты, аб’яднаць і словам, і справай калектыў – сваіх падначаленых. Таму што «ах, які выдатны кіраўнік!», «о, колькі зроблена і дасягнута!» магчыма толькі ў тым выпадку, калі адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. І калі ніхто з каманды не спрабуе ўвільваць, ухіляцца ад работы і нічыя асабістая хата не знаходзіцца з краю.
А на праблемным прадпрыемстве, у стратнай арганізацыі сярод хранічнага мінору практычна заўсёды прысутнічае ў якасці рэфрэна «ўсё ў нас дрэнна»; «нікому да нас няма справы»; «хто б нашыя даўгі і мінусы нам дараваў ці на сябе перапісаў»… Такая вось спажывецкая нота, якая сведчыць і пра негрунтоўнасць кіраўніка (часцей за ўсё, чарады кіраўнікоў, якія мяняюцца па такіх адрасах даволі часта), і пра прывычку да падобнага раскладу спраў, да шматлікіх праблем і мінусаў, зрэшты, да незаможнасці ўсіх па спісе. І гэта прывычка «да беднасці» надзвычай небяспечная, можна сказаць, згубная.
Яна тлумачыць, апраўдвае бяздзейнасць, сілкуе бессэнсоўнае чаканне залатой рыбкі, якая ўмомант усё памяняе найлепшым чынам. І для гэтага не спатрэбіцца нікому з чакальцаў прыкласці ўласныя сілы. А вось тут больш падрабязна. Памятаеце анекдот? Скардзяцца людзі прыезджаму начальніку, што бульба ў іх не расце. А агарод запушчаны, увесь у пустазеллі. Той паглядзеў, паківаў галавой і пытае: а садзіць бульбачку спрабавалі?
Сумны гумар, але, здаецца, у тэму. Як, дарэчы, і прытча пра дзвюх жаб, якіх кінулі ў жбан з малаком. Адна «шчасліва» патанула, а другая перабірала лапкамі, каб не пайсці на дно, і, зрэшты, збіла масла, на кавалачку якога шчасліва (без кавычак) утрымалася.
Нешматслоўная народная мудрасць: пад ляжачы камень вада не цячэ.
Канешне, у хранічных стратнікаў, як гавораць медыкі ў некаторых выпадках, усё вельмі запушчана. Але часта не безнадзейна. Перакладваць віну за сітуацыю на кагосьці – няўдзячная справа, марная трата часу. Супрацьпаставіць ёй процівагу можна, патрэбна і нават неабходна. І гэтай процівагай адназначна павінны стаць асабістыя дзейнасць замест бяздзейнасці, інтарэс замест раўнадушша, намаганні замест чаканняў. Пакрышачку, патрохі інерцыя заняпаду будзе зрушана. Абавязкова. Таму што вочы баяцца, а рукі робяць. Таму што намаганні аднаго чалавека, памножаныя на колькасць членаў калектыву, – гэта сіла, якая можа і абавязана стаць стваральнай.
Стваральнасць – аптымістычнае паняцце. Стваральнасць – перспектыўны брэнд. Стваральнасцю азначаны вывераны рух наперад. Дык няўжо гэта маршрут для абраных?! Не, гэта магістральны шлях для любога і геаграфічна, і біяграфічна.
…Не аксельбантамі славіцца сапраўдны палкоўнік –  талентам тактыка і стратэга, шматлікімі рысамі характару і дасягненнямі ў ваеннай справе. І ў абавязковым парадку свядомымі, дысцыплінаванымі, надзейнымі падначаленымі, разам з якімі ў яго – у іх – няма непад’ёмных задач: усе маюць рашэнне.

Вольга БАРАДЗІНА.