Знайсці сваю кнігу атрымалася ва ўсіх наведвальнікаў кніжнай выстаўкі

З 6 па 10 лютага ў сталіцы праходзіць XXVI Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Сёлета яе слоган – «Больш чым кнігі». Удзел у культурна-асветніцкім форуме прымаюць 439 экспанентаў з 35 краін свету. У праграме выстаўкі запланавана больш як 400 мерапрыемстваў: кніжныя прэзентацыі, творчыя сустрэчы, аўтограф-сесіі, семінары, круглыя сталы, дыскусіі і г.д.
Выстаўку адкрылі дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Уладзімір Жаўняк, міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч, спецыяльны прадстаўнік Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой (на здымку).
Прывітанне Кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям кніжнай выстаўкі і V Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час» на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця форуму зачытаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк.

Пажаданне ўсім наведвальнікам выстаўкі знайсці сваю кнігу выказаў міністр інфармацыі Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. «Вельмі прыемна, што на Мінскую кніжную выстаўку-кірмаш прыехалі ўдзельнікі і госці з многіх краін свету. Мы ўдзячныя ўсім, хто сёння ставіцца да кнігі, як гаварыў Максім Горкі, як да жывога факта. Мы рады, што цэнтральным экспанентам стала Расія, якая прывезла велізарную колькасць выданняў і новыя творчыя праекты. Жадаю ўсім наведвальнікам выстаўкі знайсці сваю кнігу», – сказаў міністр.
Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашу ўжо 25 гадоў, што сведчыць аб яе запатрабаванасці, заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, які прыняў удзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця выстаўкі-кірмашу. Паводле яго слоў, кніжны форум уражвае сваёй маштабнасцю.
На палях выстаўкі прайшоў V Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Пяты раз у краіне сабраліся пісьменнікі з розных краін.
Адным з асноўных мерапрыемстваў форуму стала ўзнагароджанне пераможцаў 58-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі».
Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Міністэрства інфармацыі, Мінскі гарвыканкам, Саюз пісьменнікаў Беларусі, суарганізатары –міністэрствы замежных спраў, адукацыі, культуры, ААТ «Белкніга», ТАА «Макбел».
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.