Забярыце вашу картку. Востраўскія старшакласнікі першымі сярод ляхавіцкай моладзі сталі ўладальнікамі білетаў члена маладзёжнай арганізацыі новага ўзору

Востраўскія старшакласнікі першымі сярод ляхавіцкай моладзі сталі ўладальнікамі білетаў члена маладзёжнай арганізацыі новага ўзору. Іх уручыла першы сакратар РК БРСМ Марыя Лутавінава на ўрачыстай школьнай лінейцы ў мінулы аўторак.
Цяпер гэта не проста дакумент, што сведчыць пра членства, – яшчэ і зручны памочнік.
Новы членскі білет мае выгляд банкаўскай карткі і зручны фармат. На ім размешчана ўся неабходная інфармацыя пра члена арганізацыі. Акрамя гэтага ёсць і ўнікальны код, які паказвае прыналежнасць да канкрэтнага тэрытарыяльнага камітэта.
Такія пластыкавыя білеты сталі вынікам сумеснага праекта БРСМ і кампаніі «Мобил Авто Хэлп Компани» (AUTOHELP) «Маладзёжны білет –твая сацыяльная падтрымка!».
Значны бонус: уладальнікі карт могуць удзельнічаць у розных акцыях, атрымліваць скідкі пры пакупцы пэўных тавараў і за карыстанне паслугамі.
А яшчэ актывісты маладзёжнай пярвічкі атрымалі граматы за папулярызацыю ідэй БРСМ і актыўную грамадзянскую пазіцыю. Падвялі вынікі збору макулатуры: лідарам стаў  7 клас. Ад райкама БРСМ хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі салодкі пачастунак.

Маргарыта КУХТА.
Фота з архіва БРСМ.