Аўтакрэсла для падстрахоўкі

У мінулым годзе недалёка ад аграгарадка Востраў здарылася ДТЗ. Машына перакулілася, але вадзіцель не пацярпеў – быў прышпілены рамянём бяспекі. І такія выпадкі, калі дзякуючы сродкам пасіўнай бяспекі чалавек застаецца жывым і здаровым, не рэдкасць.
Правілы дарожнага руху прадугледжваюць абавязак вадзіцеля і пасажыраў выкарыстоўваць рамяні бяспекі. Але, на жаль, да такога патрабавання не ўсе ставяцца сур’ёзна. Супрацоўнікі АДАІ за студзень выявілі 53 парушальнікі, на якіх складзены адміністрацыйныя пратаколы. Штраф за невыкарыстанне рамянёў бяспекі – да адной базавай велічыні.
Асаблівая ўвага – правільнай перавозцы дзяцей. З пачатку года зафіксавана 30 выпадкаў, калі хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце да 12 гадоў падарожнічалі на машыне без аўтакрэслаў ці бустэраў.
Правіламі не ўстаноўлены пэўны тып дзіцячага ўтрымліваючага прыстасавання, аднак яно абавязкова павінна быць заводскай вытворчасці і сертыфікава- на, а таксама адпавядаць вазе і росту юнага пасажыра.
Станоўчы прыклад дарослых па выкананні ПДР – першы крок да папярэджання дзіцячага дарожнага траўматызму. Напамін бацькоў пра наяўнасць флікера, правільны пераход дарогі ніколі не будуць лішнімі ў справе выхавання дысцыплінаванага пешахода.
Аляксандр АНІКЕВІЧ,
старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.