«Фермент» з паркавым статусам. У Ляхавіцкім раёне цяпер ёсць навукова-тэхналагічны парк. Гэта – пра «Фермент»

Прыемнай навіной завяршыўся першы месяц года. Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран, таварыства з абмежаванай адказнасцю «Фермент» зарэгістравана ў якасці навукова-тэхналагічнага парка. Такое рашэнне прынята ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях Беларусі. Юрыдычны адрас прадпрыемства і частка яго вытворчых магутнасцей знаходзяцца ў вёсцы Флер’янова нашага раёна.

ТАА «Фермент», якое мае больш чым 25-гадовую гісторыю навукова-тэхнічнай і інавацыйна-вытворчай дзейнасці, спецыялізуецца на выпуску гатовых кармоў і кармавых дабавак для сельскагаспадарчай жывёлы, удабрэнняў на аснове торфу і іншых ферментных прэпаратаў, а таксама на навуковых даследаваннях і распрацоўцы ў галіне біятэхналогій.
Новы статус дазволіць прадпрыемству да канца 2023 года стварыць вакол сябе біятэхналагічны вучэбна-навукова-вытворчы кластар з рэгістрацыяй не менш як 10 рэзідэнтаў ( суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці, створаныя з удзелам ТАА), палова з якіх будзе ў абавязковым парадку рэалізоўваць інавацыйныя праекты з пераліку важнейшых праектаў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Беларусі. Мяркуецца, што агульны аб’ём інавацыйнай экспартаарыентаванай прадукцыі за перыяд рэалізацыі бізнес-праекта складзе амаль 90 мільёнаў рублёў.
Акрамя таго, гэта рэальная магчымасць прыцягнуць у рэгіён прыватныя інвестыцыі бізнес-партнёраў, у тым ліку замежных. Новы статус падштурхне развіццё галіновай даследчай лабараторыі, якая зможа функцыянаваць у якасці цэнтра калектыўнага карыстання ўнікальным навуковым абсталяваннем. З’явіцца магчымасць фінансавання стартапаў у галіне перспектыўных біятэхналогій.
У планах да канца 2020 года сфармі-раваць фонд для рэалізацыі задач інавацыйнага развіцця Ляхавіцкага раёна і Брэстчыны. А яшчэ цяперашні статус – гэта ўвоз тэхналагічнага абсталявання без мытных пошлін і падатку на дабаўленую вартасць.
Андрэй Навагран падкрэсліў, што акрэдытацыя «Фермента» ў якасці наву-кова-тэхналагічнага парка прынясе нямала плюсаў для Ляхавіцкага раёна. Па папярэд-ніх разліках, гэта дазволіць прыцягнуць каля двух мільёнаў рублёў прыватных інвестыцый, у тым ліку замежных. Будуць стварацца прадпрыемствы-рэзідэнты НТП, а значыць – новыя працоўныя месцы. Такім чынам палепшацца паказчыкі інавацыйнага развіцця рэгіёна, у тым ліку за кошт аб’ёмаў інавацыйнай прадукцыі, частка якой пойдзе на экспарт.
Галіна КАНЬКО.

Скрыншот з сайта «Фермента»