Падведзеныя вынікі навукова-практычнай канферэнцыі сярод школьнікаў

Юных даследчыкаў хвалююць праблемы энергазберажэння, кліматычныя катаклізмы, ахова навакольнага асяроддзя і распрацоўка новых камп’ютарных тэхналогій.
Гэты від дзейнасці патрабуе ад школьнікаў планамернай, насычанай, мэтанакіраванай работы, творчага мыслення, грунтоўных ведаў, умення працаваць са спецыяльнай літаратурай, аналізаваць і параўноўваць. Навуковыя даследаванні настаўнікаў з вучнямі даюць магчымасць развіваць творчы пошук і з’яўляюцца штуршком для заняткаў імі ў далейшым. Работа з навуковай літаратурай, лабараторныя даследаванні, цяга да ведаў, сустрэчы з цікавымі людзьмі, радасць адкрыцця робяць рабят больш эрудзіраванымі, настойлівымі і мэтанакіраванымі. Пра папулярнасць даследчай работы школьнікаў гаворыць той факт, што з кожным годам павялічваецца колькасць падрыхтаваных работ і пашыраецца кола ўзнятых пытанняў. Да таго ж большасць матэрыялаў вызначаюцца навізной і актуальнасцю.
Сёлета працавалі 4 секцыі: фізіка-матэматычных дысцыплін, працоўнага навучання і псіхалогіі, гуманітарных дысцыплін, гісторыі і краязнаўства, прыродазнаўчых дысцыплін і экалогіі.
Журы ўважліва аднеслася да кожнага даследчага праекта і вызначыла самыя змястоўныя і актуальныя работы. Названы пераможцы ва ўсіх намінацыях.
Дыпломы першай ступені за даследаванні “Спрадвеку ў маёй вёсцы ўсіх па мянушках завуць” у 7-класніцы гімназіі Рыты Пастарнакевіч (кіраўнік Людміла Раманенка), 11-класніка САШ № 1 Мікалая Мядзвецкага (кіраўнік Галіна Бунель) за работу “Ацэнка экалагічнага стану вады ракі Ведзьма”. Пераможнымі прызнаны таксама праекты “Забруджванне атмасферы выкідамі аўтатранспарту” 8-класніцы САШ № 1 Інгі Расоха (кіраўнік Наталля Кедзь), “Пячное і вадзяное ацяпленне індывідуальных жылых дамоў у сельскай мясцовасці” вучня Ліпскай САШ Аляксея Мішкевіча (кіраўнік Пётр Юркавец), “Клімат і энергазберажэнне” вучаніц Тухавіцкай САШ Вольгі Зубік, Алены і Марыі Ламанос (кіраўнік Тамара Васько) і работа пра ўплыў камп’ютарных праграм, распрацаваных на аснове метаду Федарэнка-Пальчанкі, на скорасць чытання школьнікаў, выкананая Антонам Захаранкавым і Аляксандрам Патоцкім з Малагарадзішчанскага ДС-САШ (кіраўнік Аляксандр Касабуцкі).
Дыпломамі другой ступені адзначаны вучні САШ № 1 і № 2, Крывошынскай, Востраўскай, Свяціцкай, Куршынавіцкай САШ, Дараўскага і Федзюкоўскага ДС-САШ, а трэцяй ступені – рабяты з гімназіі, САШ № 2, Тальмінавіцкай і Жарабковіцкай САШ. 10 юных даследчыкаў з САШ № 1 і № 2, Крывошынскай, Тальмінавіцкай і Пранчакоўскай САШ адзначаны падзякамі.
Удзельнікі канферэнцыі наведалі відэасалон.
Лепшыя работы будуць прадстаўлены на абласной навукова-практычнай канферэнцыі.
Святлана МАРГАЕВА, метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *