Драбіны – не дробязі. У пытаннях бяспекі на працоўных месцах няма другарадных акалічнасцяў

Пытанні аховы працы, тэхнікі бяспекі заўсёды і ўсюды ставяцца на першае месца ў рэйтынгу вытворчай значнасці. Спачатку – бяспека работніка і толькі пасля – вытворчасць. Тым не менш, мінімізаваць, а ў ідэале – паставіць заслону вытворчаму траўматызму пакуль не атрымліваецца. Абласная статыстыка з траўматызмам асабліва «гарачая»: у мінулым годзе на рабоце загінулі 25 чалавек. Годам раней лятальных выпадкаў на вытворчасці было істотна менш. Яшчэ больш цёмнай фарбы ў гэту і без таго сумную статыс-тычную карціну дабаўляюць 93 факты атрымання работнікамі цяжкіх і каля 150 выпадкаў лёгкіх цялесных пашкоджанняў. Падчас чарговага пасяджэння міжведамаснай рабочай групы Брэсцкага аблвыканкама па пытаннях рэалізацыі патрабаванняў Дырэктывы №1 разам з іншымі пытаннямі была прааналізавана работа штатных спецыялістаў і грамадскіх інспектараў па ахове працы прадпрыемстваў і арганізацый Брэстчыны. Праца многіх з іх атрымала нізкую ацэнку.

У нашым раёне ва ўсіх арганізацыях са штатным саставам 100 і больш работнікаў ёсць вызваленыя спецыялісты па ахове працы – 26 інжынераў па АП. На менш маштабных вытворчасцях і ў структурах невытворчага звяна выкананне патрабаванняў АП увогуле і тэхнікі бяспекі ў тым ліку адсочваюць і нясуць адказнасць за іх выкананне сумяшчальнікі. Абавязковай умовай, агульным для ўсіх іх патрабаваннем з’яўляецца наяўнасць адпаведнай падрыхтоўкі. І, канешне, сур’ёзнае, без фармалізму стаўленне да пытанняў аховы працы.
За 2018 год на Ляхавіччыне здарылася 5 выпадкаў вытворчага
траўматызму. У супастаўленні з 2017-ым – мінус 4, што, па словах галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалая Бурбуця, можна растлумачыць у тым ліку і належнай работай адказных спецыялістаў на месцах.
У адным выпадку траўма кваліфікавана як цяжкая: у фермерскай гаспадарцы «Уладзімір плюс» упаў з вышыні падсобны рабочы. Лёгкія цялесныя пашкоджанні атрымалі вадзіцель СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», аператары машыннага даення ААТ «Шлях новы» і КСУП «Востраў-Агра», жывёлавод ААТ «Жарабковічы».
Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама назвалі прычыны, што прывялі да няшчасцяў. Сярод іх – неашчаднасць выканання адказнымі асобамі абавязкаў па ахове працы, парушэнне пацярпелымі патрабаванняў АП, парушэнне правілаў дарожнага руху. У «Жарабковічах» работнік атрымаў траўмы з-за непрадказальных паводзін жывёлы. Дарэчы, усе пацярпелыя былі цвярозыя.
На адным з пасяджэнняў міжведамаснай рабочай групы аблвыканкама па пытаннях рэалізацыі Дырэктывы №1 давалася ацэнка эфектыўнасці дзейнасці мабільных груп, створаных пры райвыканкамах. Іх першасная задача заключаецца ў аказанні практычнай і метадычнай дапамогі па арганізацыі здаровых і бяспечных умоў працы на прадпрыемствах, у арганізацыях свайго рэгіёна. Створаная пры Ляхавіцкім райвыканкаме мабільная група за мінулы год правяла больш за сотню рэйдаў-маніторынгаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Сельская гас-падарка, будаўніцтва, дрэваапрацоўка і структуры іншай вытворчай накіраванасці значыліся ў ліку найбольш частых адрасоў увагі групы. Мэта – выявіць праблему і па меры магчымасцяў дапамагчы з яе выпраўленнем. За год інспектары мабгрупы «назбіралі» па раёне больш за паўтары тысячы выпадкаў парушэння патрабаванняў аховы працы, санітарна-гігіенічных нарматываў, правілаў пажарнай бяспекі, іншага, што не дазваляе называць вытворчы працэс здаровым. Найбольш тыповым парушэннем, па словах Мікалая Бурбуця, з’яўляецца несвоечасовасць навучання бяспечным метадам працы новапрынятых работнікаў, занятых на вытворчасцях з павышанай небяс-пекай. Заканадаўствам на гэта адпускаецца месяц з моманту залічэння ў штат. Сярод частых парушэнняў, напрыклад, эксплуатацыя сельскагас-падарчай і іншай тэхнікі з адкрытымі карданнымі валамі або рамяннымі, клінарамяннымі і ланцуговымі перадачамі, невыкарыстанне супрацьадкатных упораў пад колы трактароў і аўтамабіляў падчас іх рамонтаў, выкарыстанне «ненарматыўных» драбін, інш.

ФАКТ

На жаль, ужо сёлета ў раёна зарэгістраваны выпадак атрымання работнікам вытворчай траўмы лёгкай ступені. Здарэнне адбылося з наладчыкам тэхналагічнага абсталявання ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» літаральна ў першыя дні лютага.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фото с сайта http://otdel-ot.tilda.ws/autsors