Прывітанне з любоўю

Патрыятычная акцыя «За любімую Беларусь!» стартавала ў нашай краіне 14 лютага па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі

У гэтыя дні па ўсёй краіне стартуюць самыя розныя маладзёжныя праекты, флэшмобы, добрыя справы, прымеркаваныя да свят і знакавых падзей у гісторыі краіны. Сімвалам акцыі стала чырвона-зялёнае сэрца.
Ляхавіцкія актывісты БРСМ актыўна далучыліся да рэспубліканскай акцыі «За любімую Беларусь!». Першы сакратар РК БРСМ Марыя Лутавінава, каляджане Дзяніс Чараднічэнка і Максім Сезік (на здымку) адразу і творча ўзяліся за справу.

Шчырыя словы, пажаданні на чырвона-зялёных валянцінках ад каляджан сабралі ў адну вялікую віншавальную паштоўку, якую адрасавалі нашаму гораду лдакаўскія актывісты Максім Сезік і Дзяніс Чараднічэнка.Прызнанне ў любві каледжу, педагогам, сябрам і беларускім зоркам эстрады. Ляхавіцкае прывітанне адрасавана, напрыклад, вядомаму рэперу Ціме Беларускіх, мясцоваму біт-боксеру Паўлу Сою. Ёсць і для «Ляхавіцкага весніка». Вельмі прыемна!
Стартавай кропкай акцыйнага маршруту стаў фотафлэшмоб «#СладкаяПарочка», які запусціў райкам БРСМ у акаунце інстаграма molodezhliahovich і групе ў ВКонтакте #молодежь#Ляховичи БРСМ.

Падарунак ад лдакаўцаў у міжнародны Дзень дарэння кнігі прымае дырэктар раённай ЦБС Вольга Пляшэвіч.

Наступныя прыпынкі, куды завітала актыўная моладзь, – Тухавіцкая школа і СШ № 2. Вучні гэтых устаноў таксама склалі свае пажаданні і прызнанні ў агульныя валянцінкі, адрасаваныя сваёй радзіме. Толькі ўявіце, колькі цёплых слоў, пажаданняў, прызнанняў прагучала ці яшчэ прагучыць гэтымі днямі. А яшчэ кожная сустрэча – нагода пагаварыць пра надзённае, абмеркаваць, напрыклад, зручнасць членскіх білетаў новага віду.
Дарэчы, плануецца, што хутка членскі білет дадасць выгадныя прапановы акцый і скідак ад мясцовых магазінаў, кафэ і іншых устаноў. Накапляльная сістэма скідак ад 5 да 20 працэнтаў пачне дзейнічаць у кафэ «Піцэрыя» і цырульні «Прэстыж». Будуць і іншыя бонусы.
А яшчэ нашы бээрэсэмаўцы 14 лютага ў міжнародны Дзень дарэння кнігі, як і заяўлена ў гэту дату, зрабілі свой кніжны падарунак бібліятэцы. Цяпер нарысы стогадовай гісторыі камсамола з’явяцца і на паліцы купалаўкі. Да слова, тут таксама праходзіць свая акцыя. Кожны жадаючы можа падзяліцца з бібліятэкай выданнем з уласнай кніжнай паліцы. Падарунак па прынцыпе «прачытай і перадай іншаму».
І гэта толькі пачатак…
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.