Мастацтва быць шчаслівымі

Стварыць моцную дружную сям’ю, пасяліць утульнасць і цеплыню, зрабіць так, каб з працы, вучобы і іншых спраў дадому проста ляцелі, каб хацелася правесці час разам з блізкімі, – пагадзіцеся, што гэта высокае мастацтва. Галоўныя творцы ў такім сюжэце, безумоўна, мама і тата. Знаёмцеся, нашы мнагадзетныя героі, людзі, якія здолелі намаляваць яркі, маляўнічы, сонечны сямейны партрэт: Таццяна і Павел Руткоўскія.
У госці да іх карэспандэнт «ЛВ» завітала ў сонечны лютаўскі выхадны. Яшчэ з парога зразумела, тут, па іх адрасе ў вёсцы Ураджайная, пасялілася шчасце. Колькі ж усмешак, шчырых дзіцячых вачэй, здаецца, яны паўсюль. Субота, а значыць, сям’я практычна ўся ў зборы. Як прызнаўся адзін з малодшых Руткоўскіх: выхадны – чароўны дзень, нікому нікуды не трэба, ніхто нікуды не спяшаецца і, самае галоўнае, усе дома.

У іх заўсёды шумна – гамоняць, здаецца, ва ўсіх пакоях. Але гэта самы прыемны, самы неабходны, самы родны шум-гул на свеце. У кожнага свой характар, адпаведна свая «гучная» любімая справа. Калі ўсе заняты сваім, дома – як у творчай лабараторыі.
Дарэчы, хутка адкрыецца дызайнерская студыя Таццяны Барысаўны. Гэта не тое, што мара, хутчэй мэта, да якой яна ўпэўнена і актыўна рухаецца. Таццяна не толькі ардэнаносная мама, мудрая жонка і дбайная гаспадыня, яшчэ і майстрыха на ўсе рукі. Хоць спецыяльнай адукацыі не мае, яе дызайнерскія работы ўражваюць, захапляюць арыгінальнасцю. Суперкласна вышывае, можа пахваліцца і эксклюзіўнай лініяй адзення па сваіх жа выкрайках. Нядаўна атрымала сертыфікат аб праходжанні анлайн-курсу па японскай школе кветкаробства з шоўку. Таму дома, зразумела, кветак не пералічыць. А што гаварыць пра французскую вышыўку, выкананую Таццянай з дапамогай люневільскага кручка. Шанэлеўскія матывы гучаць.
Ёсць у старэйшых Руткоўскіх і крэатыўная памочніца. Гімназістка, яшчэ і вучаніца выпускнога класа школы мастацтваў дачка Валерыя, як і мама, марыць стаць дызайнерам-мадэльерам, паступіць у Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт. Хаця і цяпер яна з лёгкасцю пакроіць і пашые сабе модную спадніцу ці сукенку: у гардэробе нямала
адзення hand made.
Цяпер Валерыя ў доме сярод малодшых Руткоўскіх за старэйшую. Усё проста: брат Міхаіл даўно жыве і працуе ў Баранавічах. Улад – студэнт-першакурснік Гродзенскага дзяржаўнага агранамічнага ўніверсітэта. Будучы аграном-плодаагароднінавод. А Ілья нядаўна парадаваў бацькоў новым званнем: за паўгоддзе ў арміі даслужыўся да сяржанцкіх пагонаў. Вось-вось прыедзе дадому на пабыўку.
Самыя маленькія Руткоўскія – людзі музыкальныя. Пад музычнае суправаджэнне я знаёмілася з сям’ёю. Канцэрт на фартэпіяна даваў трэццякласнік Конькаўскай школы Іосіф. Па праграме «музыкалкі» абышоў сваіх равеснікаў. Не дзіўна. Акрамя здольнасцяў, ёсць для гэтага яшчэ адна немалаважная ўмова: бацька на фано іграе проста віртуозна, умее і на гітары. Сам асвоіў інструменты. Пачынае найграваць мелодыю на клавішах і пяцігадовы Данііл. А самая маленькая Марыя проста абажае спяваць. У свае тры гады падказвае ўсім наступны радок з куплета.
Здаецца, з адным дзіцем цяжка, а калі іх выхоўваецца сямёра? У Таццяны Руткоўскай наконт гэтай формулы свой погляд. Яна сцвярджае:
– Адно дзіця – цяжка, двое – ужо лягчэй, ну, а калі сямёра – гэта шчасце. Нам не складана, бо ўсё тое, з чым сутыкаемся ў жыцці, вырашаем разам. Магчыма, у гэтым і ёсць сіла сям’і, сіла самай надзейнай каманды.
Для яе самае надзейнае плячо, безумоўна, муж. Прызнаецца, быць мнагадзетнай мамай – значыць да ўсяго трэба быць і добрым… матэматыкам. Гібка спланаваць дзень, не забыць, каго, куды, у які час адправіць. Але гаворыць, што практычна ўсе клопаты па доме бярэ на сябе муж. З раніцы Павел развозіць дзяцей, пасля зай-маецца дамашнімі справамі  і зноў па вядомым маршруце збірае ўсіх Руткоўскіх дадому.
У ягоным шчыльным графіку ёсць месца для хобі. Лічыць, што мэбля з металу самая надзейная і якасная. Шмат дамашніх рэчаў зроблена яго рукамі. Напрыклад, стульчык да фартэпіяна ў яго выкананні выглядае стыльна і зручна, вышыня рэгулюецца пад кожнага выканаўцу індывідуальна. Магчыма, калі-небудзь хобі перарасце ў любімую працу. Мара, якая, спадзяюцца, спраўдзіцца.
Канешне, клопатаў хапае, як і ў кожнай сям’і, дзе растуць дзеткі. Але значную падтрымку адчуваюць Таццяна і Павел ад дзяржавы. Штогод выдзяляецца матэрыяльная дапамога для падрыхтоўкі дзяцей да школы, для іх бясплатнае школьнае харчаванне, значна зніжана аплата за падручнікі…
Сямейны групавы фотаздымак зрабілі за пару хвілін. Ім не трэба пазіраваць, падказваць, як стаць, куды дзець рукі ці схіліць галаву. Яны проста побач і на фотаздымку, і ў жыцці: у іх рухах, вачах, адносінах адчуваецца самае важнае – шчырасць, сапраўднасць і, канешне, любоў.
Такія вось ідэальныя фотамадэлі.

ФАКТ

Мнагадзетная карта нашага раёна багатая. На ёй сёння больш за 390 шчаслівых адрасоў з адзнакай «вялікае шчасце». У шматдзетных сем’ях выхоўваецца 1303 дзіцяці.
А нядаўна да ліку ардэнаносных мам далучыліся яшчэ чатыры нашы зямлячкі. Указам Прэзідэнта ад 26 снежня 2018 года ляхавічанкі Таццяна Руткоўская, Наталля Ракуць, Святлана Грышкевіч, Марына Шчарбакова за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей узнагаро-джаны ордэнам Маці.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.