Раўненне на сястру. Адразу з дзвюма ўзнагародамі з першынства Беларусі па самба вярнуліся выхаванцы ляхавіцкай СДЮШАР

Адразу з дзвюма ўзнагародамі з першынства Беларусі па самба вярнуліся выхаванцы СДЮШАР Кацярына і Аляксандр Ракуці (на здымку). 8-10 лю-тага месцам паядынку лепшых юных барцоў 2001- 2003 г.н. стаў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі». Сярод шматлікіх удзельнікаў спаборніцтва нашы землякі выступілі не проста дастойна, а выдатна: Каця заваявала першае месца, а яе брат Аляксандр – трэцяе.
Спартсмены адзначаюць, што канкурэнцыя была сур’ёзная, але і іх падрыхтоўка – таксама. Кожная трэніроўка працягваецца не менш за дзве гадзіны шэсць разоў на тыдзень, а трэнер-выкладчык Віктар Богуш – патрабавальны кіраўнік.
Брат і сястра змагаюцца ў вагавай катэгорыі 70 кілаграмаў і ў адзінаборстве не першы год. Сашу ў другім класе прывялі ў спорт сябры, а Каця натхнілася тэхнікай самба, гледзячы менавіта на яго. Спартыўнае хобі не перашкаджае школьнай паспяховасці: Аляксандр вучыцца ў выпускным класе СШ № 2 і ў яго дзённіку васьмёркі і дзявяткі, а Кацярына – дзевяцікласніца і таксама мае добрыя адзнакі.
Дарэчы, наша самбістка за свой залаты вынік у складзе рэспубліканскай зборнай будзе прадстаўляць краіну на першынстве Еўропы і свету па самба. У гэтыя дні яна знаходзіцца ў Брэсце на зборах перад алімпійскімі днямі моладзі Рэспублікі Беларусь. А праз тыдзень плануе адправіцца на чарговыя спаборніцтвы – па дзюдо.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.