Армейскія адкрыцці. Пра іх расказваюць салдаты батальёна кіравання радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны

З гэтым армейскім адрасам жыхароў Ляхавіч раздзяляе ўсяго дзясятак кіламетраў. Але тут, у ціхіх маляўнічых мясцінах раскватараваўся зусім не рамантычны аб’ект. Ад рамантыкі толькі дзяўчаты, што чакаюць сваіх салдацікаў па іншы бок КПП. Тут усё падпарадкавана раскладу, кожная хвіліна распісана, а галоўныя патрабаванні –  выкананне службовых абавязкаў, строгая дысцыпліна і парадак ва ўсім.
Больш за паўсотні юнакоў сёння нясуць службу ў батальёне кіравання радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Яны адказныя за неба, хоць і дыслацыруюцца на зямлі. Галоўная задача батальёна кіравання – кантроль за даверанай ім паветранай прасторай. За суткі ў зоне баявой адказнасці праводзяць больш за 2000 паветраных суднаў.

Людзі ў пагонах. Гэта не толькі прыгожая форма, не рамантычны вобраз, створаны шматлікімі фільмамі і серыяламі, – хутчэй адказнасць, мноства абавязкаў і штодзённая праца над сабой. Надзейныя, моцныя і фізічна, і духам, яны нясуць пастаяннае баявое дзяжурства па абароне паветраных межаў Беларусі. А для 21 юнака літаральна пару месяцаў назад пачаўся адлік дзён да дэмабілізацыі. Павестка, размеркаванне, курс маладога байца –  і яны адточаным страявым крочаць па пляцы. На тры-чатыры па лясным масіве разносіцца гучнае мужчынскае шматгалоссе – вядомая песня «У РТВ нам выпала служыць».
Сярод юнакоў, што крочаць у страі, ёсць і ляхавічане. Прыемна сустрэць землякоў – радавых Яўгенія Палешчука і Юрыя Пранчака. Пра армію яны гавораць адназначна: гэта тое, што дае ўнікальную магчымасць зразумець многія рэчы, змяніць сябе, свой характар, стаць дарослым. Дарэчы, Яўгенію армейскае жыццё настолькі даспадобы, што ён плануе застацца ў батальёне кіравання служыць па кантракце. А пакуль хлопцы перадаюць праз «ЛВ» прывітанне ўсім родным і сябрам.
Пад кіраўніцтвам вопытных камандзіраў навабранцы хутка становяцца сапраўднымі салдатамі. Тут ёсць на каго раўняцца.
Прыклад для ўсіх – начальнік камандна-тэхнічнага вузла батальёна кіравання Міхаіл Каваленка. Сярод ягоных узнагарод ёсць і медаль «За бездакорную службу» ІІІ ступені. Ганарыцца афіцэр нагрудным знакам «Выдатнік баявога дзяжурства». Дарагім сэрцу падарункам стаў гадзіннік ад міністра абароны за ўдзел у вучэннях Ваенна-паветраных сіл і войскаў СПА на палігоне Ашулук у Расіі. А нядаўна прымаў віншаванні з чарговым воінскім званнем – цяпер ён маёр Каваленка.
Раўненне на вопытных камандзіраў – баявая каманда, пра якую салдат памятае на працягу ўсёй службы. Для малодшага сяржанта Эдуарда Арльта служба стала часам пераасэнсавання многага ў сваім жыцці. Зразумеў, што армія не для слабакоў. Яна ўмацоўвае характар, волю, дысцыплінуе, прымушае цаніць тое, што здавалася звычайным у грамадзянскім жыцці. Змяніць цывільнае адзенне на армейскую форму – значыць у многім змяніць сябе. Нават у самым простым. Цяпер кожнае слова ў пісьме да мамы напоўнена глыбокім сэнсам, хочацца так многа важнага сказаць самаму галоўнаму чалавеку ў жыцці. Паспяховая служба стала для камандзіра аддзялення Эдуарда Арльта ўпэўненай падставай для атрымання нагруднага знака «Выдатнік баявога дзяжурства».
У арміі, няхай і ў якасці карэспандэнта, я была чацвёрты раз. Асабліва ад навабранцаў даводзіцца чуць, што служба – гэта ў многім штодзённыя адкрыцці. Больш не трэба перапытваць, пад кан-цік – гэта як, прасіць кагосьці падшыць каўнерык – тут навучаць спраўляцца самастойна. Хлопцы прызнаюцца, што цяпер дакладна ведаюць, як выглядае ідэальны парадак. Гэта ў бытавым плане.
Для многіх армейцаў адкрыццём становіцца іх сіла волі, якую яны штодня ўмацоўваюць. Без праблем цяпер падняцца ў 6 гадзін раніцы, наматаць не адзін кіламетр і зрабіць дзясятак адцісканняў на ранішняй зарадцы. На бліжэйшыя паўтара гады ў іх раскладзе з’явіліся рытуал заступлення на баявое дзяжурства, заняткі ў камандна-тэхнічным вузле і…
Але, напэўна, самае галоўнае адкрыццё – армейскае сяброўства. Наш ляхавіцкі «13-ты кіламетр» – месца сустрэчы людзей з самых розных куткоў краіны. І гэтыя знаёмствы перарастаюць у моцнае сяброўства. Нават за КПП, нават праз дзясяткі гадоў.
Маргарыта Кухта.
Фота аўтара.