Зляцеліся на злёт

У Оршы 13 лютага першы злёт працоўнай моладзі БРСМ сабраў паўсотні актывістаў з усёй краіны. Педагогі, інжынеры, архітэктары, бухгалтары – маладыя людзі самых розных прафесій прыехалі, каб падзяліцца вопытам і даведацца пра новае. Сярод удзельнікаў злёту быў і наш зямляк – загадчык Падлескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Андрэй Пуцілаў.

У складзе абласной дэлегацыі на першым злёце працоўнай моладзі БРСМ – і наш зямляк Андрэй Пуцілаў (другі справа).

Спачатку Андрэй ездзіў на абласны злёт працоўнай моладзі, пасля ў складзе дэлегацыі Брэсцкай вобласці прыняў удзел і ў рэспубліканскім.
У першы дзень злёту моладзь чакаў змястоўны дыялог з лідарам БРСМ першым сакратаром ЦК Дзмітрыем Варанюком. Шмат важных тэм трапіла ў спіс абмеркаваных падчас сустрэчы. Асаблівую ўвагу засяродзілі на правах і сацыяльных гарантыях для маладых людзей на працоўных месцах. Расказвалі, як у адносінах да іх дзейнічае калектыўны дагавор, ці створаны ў арганізацыях і прадпрыемствах бээрэсэмаўскія пярвічкі.
Другі дзень злёту быў не менш насычаным: знаёмства з прыгожым горадам, экскурсіі па Аршанскім ільнокамбінаце і лакаматыўным дэпо (у гэтых арганізацыях удзельнікам злёту прадэманстравалі і расказалі, як працуюць з моладдзю, як тут наладжана дзейнасць мала-дзёжных брыгад).
Яшчэ адзін важны і ў пэўнай ступені ўрачысты момант: на сустрэчы быў выбраны старшыня створанага рэспубліканскага савета працоўнай моладзі.
– Мне пашчасціла пазнаёміцца на рэспубліканскім злёце з цікавымі людзьмі. Яны такія розныя, творчыя, актыўныя. Шмат чаго абмеркавалі, пра многае пагаварылі, мноства ідэй прывёз з сабой. Упэўнены, яны мне спатрэбяцца, – дзеліцца Андрэй Пуцілаў.

Маргарыта Кухта.

Фота з архіва Андрэя ПУЦІЛАВА.