Ляхавіцкая ПМК-17 працягвае будаваць родныя горад і раён

Начальнік Ляхавіцкай ПМК-17 Алег Пішч.

Куды ні кінь — усюды плён іх руплівасці. Жылыя дамы,вытворчыя памяшканні, дарогі і розная іншая інфраструктура вырасла не сама па сабе — усяму гэтаму ёсць эквівалент у выглядзе працоўных намаганняў людзей розных прафесій. У тым ліку і ў значнай ступені — будаўнікоў. Прагучыць смела і занадта пафасна, аднак, не так ужо і далёка ад ісціны: што не створана богам, узведзена з яго ж дапамогай будаўнікамі. Муляры і маляры, тынкоўшчыкі і плітачнікі, цесляры і сталяры як і ўвесь будаўнічы люд заўтра маюць нагоду і права на святкаванне. Другая нядзеля жніўня — іх дзень.

З чым шматлікую каманду будаўнікоў-прафесіяналаў Ляхавіччыны шчыра віншуем. Ад сябе, ад удзячных карыстальнікаў вынікаў іх працоўных намаганняў, але ў першую чаргу — віншаванне калегі калегам. Іменна з гэтага палічыў патрэбным, больш таго, настаяў пачаць размову начальнік УП «Ляхавіцкая ПМК-17» дзяржаўнага вытворчага прамыслова-будаўнічага унітарнага прадпрыемства «Аб’яднанне «Брэстаблсельгасбуд» Алег Пішч:
— У першую чаргу хочацца звярнуцца з віншаваннямі з выпадку дня прафесійнага свята да работнікаў нашага прадпрыемства, ветэранаў галіны, спецыялістаў-сумежнікаў, калег з іншых профільных арганізацый. Ад усёй душы жадаю вам і вашым блізкім моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, прафесійных здабыткаў, актыўнасці і плённай дзейнасці ў далейшым!

Адну з брыгад аддзелачнікаў узначальвае Аляксандра Наўгародская (крайняя справа).

Усяго таго ж і самому Алегу Міхайлавічу. А яшчэ, думаецца, пачынаючаму кіраўніку і кадраваму будаўніку дарэчы будуць пажаданні поспеху на сваёй новай пасадзе, якая не з лёгкіх. Крыху больш за два месяцы таму былы галоўны інжынер адной з перасоўных механізаваных калон гэтага ж — «Брэстаблсельгасбуд» — аб’яднання Алег Пішч стаў на чале ПМК-17, што ў Ляхавічах. Прадпрыемства зараз і яшчэ нямногім больш года таму — дзве вялікія розніцы. Можна і правільна будзе сказаць арганізацыя «тры ў адным», калі пад шыльдай «Ляхавіцкая ПМК-17» аб’ядналіся галаўная і дзве спецыялізаваныя будаўнічыя арганізацыі. Цэнтралізацыя дала магчымасць брацца і належным парадкам выконваць практычна ўвесь спектр будаўніча-мантажных і спецыяльных будаўнічых работ — ад так званага нулявога цыкла да здачы аб’ектаў пад ключ. Адзіны ”кулак” вытворчых магчымасцяў мае на ўвазе шэраг пераваг, у параўнанні з тым, калі б ”кожны палец паасобку”. У плане мабільнасці, эканоміка-арганізацыйнай адаптаванасці, гібкасці ў прыняцці рашэнняў, іншае. Пры гэтым, аднак, расшыраюцца гарызонты адказнасці кіраўніцтва прадпрыемствам, дабаўляецца клопату, пашыраецца кола задач. А тут яшчэ і аб’ектыўны, выкліканы вядомымі прычынамі спад аб’ёмаў будаўнічых работ. Не самая, мякка кажучы, бліскучая стартавая сітуацыя. Як заўважае Алег Пішч:
Першы месяц на пасадзе даводзілася практычна не вылазіць з вытворчых аб’ектаў. Лічыў патрэбным да многага дакрануцца асабіста. Разабрацца знутры, дзесьці прапанаваць сваё рашэнне. Аб’ёмы работ былі і ёсць і не сказаць, што адсутнічаюць сродкі для іх выканання. Але не ўсё гладка і роўна — праблемы застаюцца…
Не пра іх у святочным матэрыяле, а пра тое, як насуперак усім аб’ектыўным і суб’ектыўным праблемным момантам, пабудаваная ў новым фармаце Ляхавіцкая ПМК-17 працягвае будаваць родныя горад і раён, аб’екты за межамі Ляхавіччыны.
У чэрвені, напрыклад, у новым мікрараёне Ляхавіч завершана будаўніцтва яшчэ аднаго кааператыўнага пяціпавярховіка. Заслуга ПМК-17 у ажыццяўленні гэтага праекта безумоўная і першачарговая — арганізацыя выступіла ў ролі генеральнага падрадчыка.
Капітальны рамонт Крывошынскай абласной псіханеўралагічнай бальніцы працягваецца другім этапам. У адной частцы галоўны корпус установы адрамантаваны яшчэ некалькі гадоў таму, зараз работы ідуць на другой палове будынка. Усё сур’ёзна і вельмі грунтоўна.

На вытворчасці вокнаў ПВХ наладжана абсталяванне, падрыхтаваны спецыялісты: Аляксандр Васілеўскі, Дзмітрый Васілеўскі, Генадзій Смірноў.

— Пабудова дастаткова старая. Папярэдняя экспертыза паказала неабходнасць умацавання некаторых з нясучых канструкцый. Прадугледжана замена сеткі ўнутранага электразабеспячэння, поўнае абнаўленне санітарна-тэхнічных сістэм. Для аддзелачнікаў вялікі фронт работ, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Сёлета мяркуем завяршыць, хоць гэта і няпроста, — заўважае Алег Міхайлавіч.
Заняты спецыялісты арганізацыі і на шэрагу аб’ектаў сельгаспрызначэння. У якасці прыкладаў можна назваць зернесушыльна-ачышчальны комплекс у Малым Гарадзішчы ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», факт рэканструкцыі некаторых з малочнатаварных фермаў у гаспадарках раёна і інш.
Магчыма, не ў тых ужо маштабах, але практыка работы Ляхавіцкай ПМК-17 па-за межамі раёна працягваецца. Аддзелачнікі, напрыклад, маюць заказ у Ганцавічах — выконваюць тынкоўку ў адным з тамашніх дамоў-кааператываў.
Ёсць цвёрдая дамоўленасць на работу нашых будаўнікоў у Мінскім раёне.
— Мы, канешне ж, вельмі зацікаўлены ў атрыманні падраду на Міншчыне. І робім усё, што ад нас залежыць, каб зацікавіць у тым жа і нашых працадаўцаў. Калі ўсё адпаведна складзецца, мяркуем арганізаваць работу па метаду вахтавых выездаў. У аснове — тынкоўка, і, спадзяюся, што атрымаецца «перазімаваць» там, — дзеліцца пакуль яшчэ планамі начальнік.
Дарэчы, пра планы. Ёсць зусім блізкія і не сказаць, што складаныя ў рэалізацыі, ёсць разлічаныя на заўтра-паслязаўтра, куды больш складаныя, праца- і фінансаваёмістыя. Але ў прынцыпе рэальныя і перспектыўныя ў плане эканамічнай выгады.
На тыдні — літаральна праз дзень-два пасля нашай размовы з Алегам Міхайлавічам — у ПМК-17 быў назначаны пуск лініі па вытворчасці акон ПВХ. Камплект неабходнага абсталявання закуплены і ўстаноўлены. Работнікамі новая вытворчасць укамплектавана пакуль часткова, ёсць яшчэ вакансіі.
— Так што шчыра запрашаем, калі ёсць жадаючыя працаваць і зарабіць. Мы гатовы арганізаваць навучанне, — гаворыць начальнік.
Дарэчы, калі ўжо размова зайшла пра кадры, у сувязі з ростам аб’ёмаў работ, Ляхавіцкая ПМК-17 мае патрэбу ў мулярах, тынкоўшчыках, бетоншчыках, зваршчыках, электрамантажніках. Тэрмінова гатовы прыняць на працу вадзіцеля аўтавышкі і асобных другіх спецыялістаў будаўнічага профілю. Ім — майстравітым і дысцыплінаваным спецыялістам-будаўнікам — гатовы прапанаваць занятак многія іншыя падрадныя арганізацыі. І ў раёнах, і ў буйных гарадах краіны, і ў Расіі. На будоўлях суседняй краіны заробкі ў абсалютным выражэнні, канешне, большыя. Але ёсць і некаторыя рызыкоўныя моманты, мае месца іншая інтэнсіўнасць работы і працягласць працоўнай змены, гарантаваны дадатковыя і зусім не малыя расходы. Калі параўнаць там і тут — у канчатковым варыянце атрымліваецца прыкладна «адзін на адзін». І, як заўважыў Алег Міхайлавіч, трэнд апошняга часу ў тым, што многія з будаўнікоў пачынаюць вяртацца з «замежных хлябоў» — выбіраюць працу ў родных мясцінах.

Мікалай Ціханчук і Уладзімір Скрыцкі.

За два апошнія месяцы штат нашай арганізацыі вырас прыкладна на 50-60 чалавек. Вярнуліся, ў тым ліку, і некаторыя з «масквічоў». Хто на пастаянную працу, хто ўладкаваўся на дагаворных умовах. У супараўнанні, калі ўзважыць усе за і супраць, асаблівай прывабнасці працы, напрыклад, у Падмаскоўі, я не бачу, — гаворыць Алег Пішч.
У планах маладога кіраўніка — «ажывіць» завод жалезабетонных вырабаў, адрамантаваць і паставіць на службу прадпрыемству і раёну пад’язны чыгуначны пуць…
Задумаў многа, але не ўсё адразу, — заўважае Алег Пішч. І я абсалютна згодны: паступальны па спіралі ўверх рух лічыцца самым правільным.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *