Ляхавічане дазналіся больш пра армію

Як і ва ўсіх іншых рэгіёнах краіны, у мінулы чацвер на Ляхавіччыне прайшоў адзіны дзень інфармавання. Праходзіў ён напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Гэты факт і стаў тэматычна вызначальным: “Палітыка Рэспублікі Беларусь у галіне абароны”.
Кіраўнік адной з раённых інфармацыйна-прапагандысцкіх груп старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, члены групы пракурор раёна Аляксандр Ярашэвіч і начальнік РАНС Валерый Равінскі былі ў той дзень – з самага ранку – у СВК “Жарабковічы”. Дзяліліся інфармацыяй са спецыялістамі гаспадаркі, адказвалі на пытанні. Не толькі ў рэчышчы азначанай тэмы, але і, па словах Яўгенія Юрлевіча, адносна самых розных бакоў жыцця людзей на канкрэтнай тэрыторыі.
Армія – абавязкова адзін з асноўных атрыбутаў дзяржавы. Дзяржавы самадастатковай, сапраўды незалежнай. У арміі абсалютна міралюбівай, без намёку на агрэсіўнасць паводзін краіны, фактар стрымлівання з’яўляецца стратэгічнай роллю. Пры тым, аднак, порах, вобразна кажучы, неабходна заўсёды трымаць сухім, каб у выпадку ўзнікнення рэальнай знешняй пагрозы – няштатнай сітуацыі – быць гатовай даць рашучы адпор любому “рызыкоўніку”.
Асабовы склад нашай арміі раўняецца прыкладна 65 тысячам чалавек. З мэтай падтрымання пастаяннай баявой гатоўнасці ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь вядзецца рэгулярная мадэрнізацыя, развіваецца матэрыяльна-тэхнічная база, удасканальваюцца сістэма кіравання войскамі і методыкі іх падрыхтоўкі. Адносна нядаўна ў краіне пачала практыкавацца служба ў рэзерве. Між іншым, адзін з перспектыўных і прыярытэтных накірункаў, які ў бліжэйшыя 5 гадоў будзе толькі пашырацца. Сутнасць у тым, што асабліва запатрабаваным у развіцці народнагаспадарчага комплексу маладым людзям даецца магчымасць працягваць сваю “грамадзянскую” прафесійную дзейнасць. А перыядычны выклік іх на ваенныя зборы дапаможа набыць тую ці іншую воінскую спецыяльнасць.
Дастаткова важнае месца ў абарончай дактрыне Беларусі адводзіцца і так званай тэрытарыяльнай абароне. Назва гаворыць сама за сябе і, між іншым, таксама з’яўляецца даволі “свежай” практыкай.
А што ж Ляхавіччына? На тэрыторыі нашага раёна воінскія часці размяшчаюцца таксама. Частка з іх падпарадкоўваецца 8-й радыётэхнічнай брыгадзе, а частка – непасрэдна Заходняму аператыўна-тактычнаму камандаванню. Маніторынг жа вызначанага сектара паветранай прасторы з’яўляецца, калі ўвогуле, іх баявой задачай.
У тым ліку і ў “сваіх” воінскіх часцях служаць нашы землякі – жыхары горада і раёна. Многія адслужылі, для некаторых – нядаўніх прызыўнікоў – усё толькі пачынаецца. Дарэчы, у мінулым годзе Ляхавіцкім райваенкаматам на тэрміновую вайсковую службу было прызвана 67 чалавек і 5 – на службу ў рэзерве. Усяго 72, што на 21 чалавека менш, чым за аналагічны папярэдні перыяд: дэмаграфічны нюанс пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Падобная тэндэнцыя, па прагнозах, захаваецца і ў бліжэйшы час.
У мінулым годзе 31 жыхар раёна выказаў жаданне стаць курсантам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь ці вучыцца на ваенных факультэтах грамадзянскіх ВНУ. Ажыццявіць задуманае здолелі 13 з іх ці 42 працэнты ад агульнай колькасці. Статыстыка адчувальна больш выйгрышная ў параўнанні з годам 2008 – адпаведна, 23; 6; 26. Пасля завяршэння вучобы выпускнікі атрымаюць першае воінскае званне “лейтэнант” і будуць размеркаваны ў воінскія часці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь для далейшага праходжання службы. Ужо – у якасці афіцэраў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *