У Тухавічах пасля капітальнага рамонту адбылося ўрачыстае адкрыццё амбулаторыі

Гэтая падзея выключна важная для кожнага жыхара вёскі Тухавічы і наваколля, бо датычыць яна здароўя. Таму ў другой палове дня ў мінулы аўторак і пачалі збірацца людзі ля будынка мясцовай медустановы на яе урачыстае адкрыццё. Дзе людзі, там і размовы, меркаванні, успаміны. Некалі ў Тухавічах была ўчастковая бальніца. Іменна сюды размеркавалі на працу і маладую сям’ю ўрачоў Магераў. Галіна Паўлаўна і Расціслаў Іванавіч аказаліся выдатнымі спецыялістамі, шчырымі і добрымі людзьмі, якія на працягу 40 гадоў днём і ноччу былі на пасту здароўя вяскоўцаў. Сёння Расціслаў Іванавіч на заслужаным адпачынку, а Галіна Паўлаўна ўсё яшчэ ў прафесіянальных клопатах. Пасля закрыцця ўчастковай бальніцы яна і яе калегі сталі прымаць пацыентаў у амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.
Яшчэ да пачатку ўрачыстага адкрыцця адрамантаванай амбулаторыі галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў паведаміў, што на абнаўленне медустановы затрачана 630 мільёнаў рублёў, якія выдаткаваны з раённага бюджэту. А прыгажосць у двары ўстановы — праца рук медперсаналу, які з любоўю высадзіў кветкі, арыгінальна аформіў месца, дзе можна ў засені дрэў адпачыць.
У памяшканні амбулаторыі чысціня, парадак, абсталяваныя кабінеты.Першы — даўрачэбнага прыёму, а далей кабінет урача, працэдурны, фізіятэрапеўтычны, стаматалагічны, акушэрскі, лабараторыя, пакой для медперсаналу, і, нарэшце, дзве палаты дзённага стацыянару на 4 чалавекі. Новая мэбля, медабсталяванне, выдзелена месца і для новенькага апарата ЭКГ, які вось-вось будзе дастаўлены ў амбулаторыю. Як запэўніў галоўны ўрач ЦРБ, з медыцынскімі прэпаратамі праблем не існуе, тут жа працуе і аптэка.
Старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, які віншаваў вяскоўцаў з наваселлем такой патрэбнай усім установы, шчыра пажадаў як мага менш карыстацца яе паслугамі, а гэта значыць — быць здаровымі.
…Здаецца, што ў гэты дзень па-сапраўднаму шчаслівай адчувала сябе і ўрач Галіна Магер. Прымаць пацыентаў у такіх камфортных, зручных умовах — мара кожнага медыка.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *