За прафесіяй у ліцэй. Надзвычай важна дапамагчы асаблівым рабятам вызначыцца з будучай прафесіяй

Тэма чарговага пасяджэння бацькоўскага клуба «Міласэрнасць», які дзейнічае пры цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, – «Маё дзіця – выпускнік». У ім прынялі ўдзел выпускнікі інтэграваных класаў, іх бацькі і педагогі навучальных устаноў раёна.

Сучасная спецыяльная адукацыя гарантуе кожнаму асабліваму выпускніку магчымасць атрымання прафесіі, зыходзячы з індывідуальных асаблівасцей. Дзяржава забяспечвае падтрымку такіх навучэнцаў, у прафесійна-тэхнічных ліцэях адкрываюцца групы, ствараюцца класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі ў дапаможных школах.
Аднак, не ўсе выпускнікі інтэграваных класаў пасля заканчэння школы гатовы самастойна прыняць рашэнне па выбары прафесіі. Таму перад педагогамі і бацькамі стаіць няпростая задача – сфарміраваць у падлеткаў гатоўнасць працаваць і дапамагчы выбраць даступную прафесію.
Перад прысутнымі з прэзентацыяй сваіх навучальных устаноў выступілі прадстаўнікі Івацэвіцкага і Ганцавіцкага дзяржаўных прафесійных ліцэяў сельскагаспадарчай вытворчасці. Тут выпускнікі могуць атрымліваць наступныя прафесіі: агароднік, аператар машыннага даення, швачка, тынкоўшчык, слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, маляр і іншыя.
Усе жадаючыя маглі задаць хвалюючыя пытанні і атрымаць адказы.
Нашы выпускнікі ўпэўнены, што знойдуць сваю дарогу ў жыцці і будуць шчаслівымі і паспяховымі. А мы, дарослыя, павінны дапамагчы ім знайсці сваё месца, вызначыцца з будучай прафесіяй, працаўладкавацца і паспяхова сацыялізавацца ў грамадстве.

Зоя ГАТОЎЧЫЦ,  сацыяльны педагог ЦКРНіР.