Кошт залежнасці. 1 сакавіка – Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам

Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам – не проста дата, а напамін: толькі аб’яднаўшы намаганні, можна перамагчы гэтую страшную залежнасць, і тых, хто распаўсюджвае наркотыкі. І тут абыякавасць недапушчальная. Увазе чытачоў два погляды на небяспеку, што ўяўляе сабой наркаманія, – міліцэйскі і медыцынскі.

Васілій СКАРАХОД,  урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ:
– Наркаманія – непераадольная цяга да наркатычных сродкаў, небяс-печная страшная хвароба не толькі для асобна ўзятага чалавека, але і ў цэлым для грамадства. Пачынаецца яна як прыгода, працягваецца як хвароба, а завяршаецца як жыццёвая катастрофа. Сёння ў свеце колькасць тых, хто ўжывае наркотыкі, перавышае 200 мільёнаў чалавек. У нашым раёне на ўліку ў наркалагічным кабінеце ЦРБ знаходзіцца 9 чалавек. Безумоўна, гэта далёка не канчатковая лічба. На жаль, колькасць тых, хто спрабаваў ці ўжывае наркотыкі, значна большая.
Чаму важна займацца прафілактыкай? Наркотыкі наносяць катастрафічную шкоду асобе. Злачынствы, смяротныя хваробы, распад сям’і – спадарожнікі залежнасці. Каля 70 працэнтаў ВІЧ-інфіцыраваных атрымалі смяротны вірус падчас унутрывеннага ўвядзення наркотыкаў. Калі ўзяць да ўвагі той факт, што сярэдні ўзрост наркаманаў – 30 гадоў, то варта гаварыць пра пагрозу генафонду нацыі.
Па статыстыцы, сярэдні ўзрост, у якім дзеці першы раз спрабуюць наркотыкі, – 14 гадоў. Значыць, да гэтага часу яны павінны мець дакладную пазіцыю адмовы ад гэтай атруты. І роля сям’і тут бясцэнная. Дарослыя часта робяць памылку: не паважаюць думку дзіцяці, не прыслухоўваюцца да яго. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да таго, што падлетак закрываецца ў сабе і больш давярае сябрам, чым бацькам. Важная і роля школы. І яшчэ: прафілактыка павінна быць сістэмнай, а не разавай акцыяй і насіць масавы характар.
Хачу звярнуцца да падлеткаў – і як медык, і як бацька. Ні ў якім разе, ні з цікавасці, ні заадно з сябрамі, ні каб падтрымаць кампанію, не спрабуйце наркотыкі! Думка, што ад аднаго разу не з’явіцца залежнасць, – памылковая. Абавязкова з’явіцца, прычым, пазбавіцца гэтай звычкі, вылечыцца ад яе вельмі цяжка. Вынік нават ад адной дозы можа быць трагічным. Наркотыкі разбураюць арганізм чалавека, прыводзяць да дэградацыі асобы, калечаць жыццё не толькі наркамана, але і яго родных і блізкіх. Дзеля дозы «залежны» здольны на абман, крадзеж, нават забойства – яго нішто і ніхто не спыніць. Наркотык – гэта атрута. Кошт залежнасці ад яго – жыццё.

Дзмітрый КОТАЎ, старшы  оперупаўнаважаны  групы наркакантролю  і супрацьдзеяння гандлю людзьмі РАУС:
– У нашай краіне сітуацыя з наркаманіяй і незаконным абаротам наркотыкаў працягвае заставацца напружанай, але і кантралюемай дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню медыкаў, праваахоўных органаў, іншых зацікаўленых службаў, грамадства.
Асаблівая ўвага на прафілактыку. У мінулым годзе супрацоўнікі РАУС выступалі ў працоўных калектывах і навучальных установах, тлумачылі прававыя наступствы незаконнага абароту наркотыкаў, юрыдычную адказнасць бацькоў за неналежнае выхаванне дзяцей. Асаблівая ўвага надавалася выяўленню грамадзян, якія могуць учыняць злачынствы па лініі наркакантролю, у тым ліку падчас масавых мерапрыемстваў. Дарэчы, адносна вышэйназванай катэгорыі грамадзян аператыўная і прафілактычная работа праводзіцца пастаянна. Працягваецца выяўленне і спыненне дзейнасці асоб, якія выкарыстоўваюць інтэрнэт для арганізацыі і функцыянавання віртуальных «наркамагазінаў», дзе прапаноўваюць рознага кшталту псіхаактыўныя рэчывы.
Летась у Ляхавіцкім раёне зарэгістраваны 4 злачынствы па лініі наркакантролю. Па-ранейшаму рэзультатыўная аперацыя «Мак». Летась выяўлена і знішчана 19,3 кілаграма маку, 10,6 кілаграма канапель. Да адміністрацыйнай адказнасці за незаконнае вырошчванне гэтых наркаўтрымліваючых культур прыцягнуты 5 жыхароў раёна. Канфіскавана 394 грамы макавай саломкі, 1,2 грама
марыхуаны. 7 грамадзян затрыманы  за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ці таксічнага ап’янення, 4 – за ўжыванне псіхатропных рэчываў.
Шаноўныя землякі, калі вы валодаеце інфармацыяй пра зараснікі дзікаросаў (канапель, маку), а таксама пра факты ўчынення злачынстваў па лініі наркакантролю, паведаміце пра гэта ў РАУС па нумарах 2-48-37, 102, 8-033-640-95-96 ці свайму ўчастковаму. Канфідэнцыяльнасць гарантуецца.