Хочацца вясны і чысціні

На гарачую лінію «ЛВ» нашы землякі звяртаюцца з рознай нагоды: і паскардзіцца, і пахваліцца, і падзяліцца прапановай ці парадай. Чарговае тэлефанаванне было пра набалелае: ляхавічанка Галіна Радкевіч пазваніла ў газету ад імя жыхароў завулка Пугачова. І запрасіла на экскурсію ў гэты гарадскі куточак літаральна на беразе рэчкі Ведзьмы.
На жаль, маляўнічага тут аказалася мала. Хутчэй наадварот. Скаргі тутэйшых жыхароў на адсутнасць парадку, засмечанасць, зараснікі бур’яну і хмызняку знайшлі поўнае пацвярджэнне. «За завулкам рэчка, водаахоўная зона, а туды вывозяць смецце, каля помпавай станцыі яго проста горы. Летась тут часткова прыбіралі, але зараз – паглядзіце…», — перажывае Галіна Якаўлеўна.
Ёй і ўсім мясцовым жыхарам вельмі хочацца спадзявацца, што вясновае цяпло завулак сустрэне чысцінёй. А што з гэтай нагоды думаюць камунальнікі, райЦГіЭ, прыродаахоўная служба?
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота  Сяргея ВАРАНОВІЧА.