Гарадскі стыліст

У яго руках любы матэрыял ператвараецца ў прыгожы элемент гарадскога пейзажу, прайсці міма якога без захаплення немагчыма. За што ні возьмецца рабочы зялёнага будаўніцтва ўчастка добраўпарадкавання камунгаса Аляксандр Капуза (на здымку), атрымліваецца класна. Ён ведае, як «дагаварыцца» з металам, каб увасобіць яго ў Wi-Fi-лавачку, якую, дарэчы, нядаўна разам з калегам зваршчыкам Андрэем Станчыкам усталявалі каля ГДК.
У майстэрні ЖКГ гэтыя творчыя людзі зараз працуюць над вялікім, у прамым сэнсе слова, прызнаннем у любві родным Ляхавічам. І ўжо зусім хутка 13-метровы надпіс (падобны да таго, што ўпрыгожвае плошчу Леніна) усталююць у райцэнтры.
А якое задавальненне вечарам пасядзець ля фантана ў акружэнні рознакаляровых ландышаў. Гэты кветнік таксама дызайнерская задумка галоўнага гарадскога стыліста Аляксандра Капузы. Яшчэ фігуры лебедзяў, лілей, якія проста размалёўваюць, ажыўляюць наш горад, асабліва ўвечары. Успомніце, як па-навагодняму гэтай зімой заззяла дарожнае кальцо на ўездзе ў горад. Велізарныя святлодыёдныя падарункі – таксама справа рук гэтага майстра.
– Кожны па-рознаму выказвае сваю любоў да малой радзімы. Мне хочацца зрабіць яе ярчэйшай, самай прыгожай і ўтульнай, –прызнаецца Аляксандр.
Маргарыта Кухта.
Фота аўтара.