Нефармальны дыялог з людзьмі ў форме

Беларусь не адступіць ад рэалізацыі мірнай знешняй палітыкі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка  заявіў 22 лютага ў час сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Ваеннай акадэміі.

Прэзідэнт Беларусі заявіў, што краіна і ў далейшым будзе абараняць свае інтарэсы, у тым ліку ў рамках сумеснай абароннай дактрыны са сваім стратэгічным партнёрам – Расійскай Федэрацыяй, з якой створана адзіная групоўка. Аднак гэта не значыць, што Беларусь адмовіцца ад узаемадзеяння з іншымі краінамі ў ваенна-палітычнай сферы, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
«Тым не менш вы, будучыя выпускнікі Ваеннай акадэміі, павінны заўсёды быць гатовы да любога павароту падзей, быць высокапрафесійнымі спецыялістамі, сапраўднымі патрыётамі Айчыны. Абавязаны разумець сваё прызначэнне ў лёсе нашай дзяржавы», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Беларусі сустрэцца з маладым пакаленнем ваеннаслужачых – тымі, каму ў бліжэйшай будучыні трэба будзе забяспечваць нацыянальную бяспеку дзяржавы.

«Сёння ў зале прысутнічаюць курсанты і слухачы Ваеннай акадэміі. Гэта эліта нашай нацыянальнай арміі, якая фарміруе яе сучаснае аблічча. Менавіта ад усіх вас, прысутных тут (упэўнены, што тут лепшыя), залежыць будучыня нашай краіны і твар нашых Узброеных Сіл, не толькі арміі, – звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. – Бачу, што і навучанне афіцэрскага складу тут праходзіць на высокім узроўні. Удзяляецца належная ўвага захаванню традыцый, вывучэнню сваёй ваеннай гісторыі, вопыту вядзення сучасных войнаў, лакальных канфліктаў, укараненню найноўшых тэхналогій».
Усё гэта Прэзідэнту прадэманстравалі ў Ваеннай акадэміі. Асабліва цікава, сказаў Аляксандр Лукашэнка, было пагутарыць з ваеннаслужачымі першага ў Беларусі інфармацыйнага падраздзялення Узброеных Сіл.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў курсантаў, слухачоў і прафесарска-выкладчыцкі склад Ваеннай акадэміі, а таксама ўвесь склад Узброеных Сіл Беларусі з надыходзячым святам, выказаўшы ўдзячнасць за ратную працу, мужнасць і самаадданасць.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў курсантаў да нефармальнага дыя- логу і адказаў на іх пытанні і прапановы.

Пра дыпламатыю
Беларусь не займаецца тайнай дыпламатыяй, заявіў Кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанні прадстаўнікоў асабовага складу Ваеннай акадэміі. Прэзідэнт падкрэсліў, што цяпер не той час, і трэба працаваць іншымі метадамі. А беларускія дыпламаты за мяжой і ваенныя аташэ ў першую чаргу арыентаваны на развіццё гандлёва-эканамічных адносін.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў: у Беларусі няма раздзялення паміж палітычнай і эканамічнай дыпламатыяй, і МЗС курыруе абодва гэтыя напрамкі. «Ёсць у нас і ваенныя аташэ, але не шмат і не ў кожнай краіне, – ваенныя дыпламаты, якія ажыццяўляюць кантакты ў ваеннай сферы», – адзначыў беларускі лідар.

Пра стабільнасць
«Трэба займацца эканомікай – гэта аснова стабільнасці. Таму галоў- нае – не страціць стабільнасць. Як бы ні было складана, як бы ні было цяжка. Калі толькі мы дэстабілізуем нашу краіну – яна камусьці дастанецца, мы зноў пойдзем пад бізун», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён дадаў, што Беларусі цяжка канкурыраваць з сусветнымі дзяржавамі, якія забяспечваюць сябе прыроднымі рэсурсамі: «А адстаць жа мы ад іх не павінны. Калі адстанем – усё, бу-дзем нечай правінцыяй. Таму новыя тэхналогіі, крыніцы энергіі – мы проста бегчы за гэтым павінны».
Натуральна, што размова зайшла і пра адносіны з Расіяй. «Гэта наш асноўны саюзнік. Мы заўсёды будзем разам, колькі б мы ні сварыліся, ні спрачаліся», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра дыялог
«Як суверэнная дзяржава Беларусь гатова да канструктыўнага дыялогу, у тым ліку і з Паўночнаатлантычным блокам на прынцыпах парытэтнасці і празрыстасці. Мы сябе не адгароджваем ні ад каго. Мы гатовы весці гэты дыялог», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць свае інтарэсы, і яны павінны паважацца партнёрамі і тымі, хто хоча супрацоўнічаць з краінай.

Пра армію
На сустрэчы стала вядома, што тэму набору ў армію разгледзяць на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі. «Мы цяпер паглядзім, вызначым тыя хваробы, з-за якіх служыць у арміі не могуць, – сказаў Прэзідэнт. – Паглядзім з цягам часу і па тэрмінах службы, і па іншых напрамках».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што армейскую школу так ці інакш трэба прайсці практычна ўсім. У тым ліку Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным праводзіць кароткатэрміновыя прызывы і ў гады вучобы ў цывільных ВНУ, каб студэнты маглі асвоіць некаторыя элементарныя рэчы ў плане ваеннай падрыхтоўкі.
Прэзідэнт таксама заявіў, што цяпер сур’ёзна думае над вяртаннем у Беларусі нечага падобнага да нарматываў комплексу ГПА. І ў цэлым размова ідзе аб неабходнасці больш актыўнага фізічнага і працоўнага выхавання дзяцей і моладзі, у першую чаргу ў школах.
Прагучала і тэма супрацьдзеяння дзедаўшчыне ў арміі. Звяртаючыся да курсантаў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не бывае арміі без дысцыпліны. У ёй неабходны парадак, але не павінна быць салдафонства. «Вы не павінны быць грубіянамі ў адносінах да сваіх падначаленых, – сказаў Прэзідэнт. – Не дапускайце дзедаўшчыны. Калі я атрымліваю інфармацыю аб дзедаўшчыне ў падраздзяленнях, у мяне ў жылах проста кроў закіпае». «Усё павінна быць па-мужчынску, і ў аснове павінна быць справядлівасць», – дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Пра суверэнітэт
«Суверэнітэт і незалежнасць – гэта самае вялікае дасягненне, якое мы сёння маем. І я горды і рады, што я першы Прэзідэнт гэтай суверэннай краіны. І тое, што мы стварылі разам, –  гэта самае вялікае дасягненне. Мы з вамі пабудавалі першую ў нашай гісторыі суверэнную незалежную дзяржаву», – сказаў беларускі лідар.
Каменціруючы домыслы, якія раз-пораз з’яўляюцца, наконт пагрозы суверэнітэту Беларусі, Кіраўнік дзяржавы заявіў: «У мяне ёсць дакладныя межы, за якія я не магу пераступіць. Самае галоўнае –
аберагаць (перш за ўсё вашым розумам, талентамі, рукамі) суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. Таму вы нават не слухайце і не чытайце, калі ідзе размова аб страце суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны».
Падчас двухгадзіннай размовы былі закрануты і многія іншыя пытанні.
Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.