Пазыўны 102

Старшы аператыўны дзяжурны АДС Дзяніс Завадскі і памочнік дзяжурнага Сяргей Гатоўчыц

За суткі на тэлефон аператыўна-дзяжурнай службы РАУС у сярэднім паступае да 30 паведамленняў пра сямейныя скандалы, крадзяжы, хуліганствы, іншая інфармацыя. Усе яны ў абавязковым парадку рэгіструюцца, па кожным звароце прымаюцца меры рэагавання –
па адрасе   адпраўляецца ўчастковы, міліцэйскі нарад ці следча-аператыўная група. Пра цяжкія злачынствы дзяжурны тэрмінова дакладвае кіраўніцтву. Але прыёмам заяў пералік абавязкаў не абмяжоўваецца. У задачы службы ўваходзіць каардынацыя сіл і сродкаў РАУС, аператыўнае манеўраванне службовымі нарадамі і кантроль за іх работай.

– Колькасць званкоў зусім не азначае, што ў раёне адбываецца столькі ж супрацьзаконных дзеянняў. Іншы раз грамадзяне тэлефануюць, каб, напрыклад, даведацца пра распарадак работы розных падраздзяленняў РАУС ці нават паскардзіцца на службы, якія не маюць ніякіх адносін да міліцыі. Ёсць у нашай базе даных і пастаянныя ці, як іншы раз называем, «штатныя» скаржнікі. Такія грамадзяне заўсёды нечым незадаволены: то суседзямі, то роднымі, то падзеямі вакол сябе і нават дзесьці далёка, а іншы раз ім проста хочацца пагаварыць. Безумоўна, мы абавязаны адрэагаваць на званок. Аднак, здараецца, што гэта адбірае вельмі дарагі час, калі камусьці дапамога неабходна ў значна большай ступені, – гаворыць старшы аператыўны дзяжурны АДС маёр міліцыі Дзяніс Завадскі.
Зараз у яго падначаленні працуе 10 чалавек. Не першы год нясуць службу памочнік дзяжурнага Аляксандр Ланкуць, старшы інспектар-дзяжурны Анатолій Чыркун, міліцыянер-вадзіцель Віктар Ходар. Яны прыклад для маладых саслужыўцаў.
Давялося прабыць у дзяжурцы ўсяго нічога, і гэтага хапіла, каб на цэлы дзень галава пайшла кругам: званкі, бясконцыя пытанні. А супрацоўнікі, у якіх наперадзе была яшчэ палова дзяжурства, адчувалі сябе, як рыба ў вадзе: вось што значыць вопыт, прафесіяналізм, загартоўка. А раніцай наступнага дня будуць гатовы дакладныя аператыўныя зводкі пра здарэнні, правапарушэнні і злачынствы за суткі. Іх таксама рыхтуюць у АДС.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.