Перадпасяўная ракіроўка

У  аграрыяў перадпасяўныя клопаты. І гэты этап, па сутнасці, не менш важны за сяўбу. На парадку дня – узмоцнены кантроль за расходам паліва, безумоўнае выкананне правілаў тэхнікі бяспекі, строгая вытворчая дысцыпліна на кожным участку і ў дачыненні ўсіх – ад кіраўніка да вартаўніка.

84600 тон збожжа, 87200 – цукровых буракоў, 7400 – алейнага насення рапсу, 3000 – ільновалакна, 7200 тон бульбы – такі ўраджай павінны сабраць аграрыі нашага раёна сёлета. У планах –  і нарыхтоўка 85507 тон кармавых адзінак травяністых кармоў. Як адзначылі ў райсельгасхарчы, задача хоць і складаная, але выканальная. І першыя крокі для гэтага зроблены яшчэ мінулай восенню. У раёне пасеяны азімыя зерневыя на плошчы 9239 гектараў. Праўда, заданне выканалі не ўсё: ЗТАА «БелДан» пасеяла 49 працэнтаў ад запланаванага, КСУП «Ліпнянка» – 76 працэнтаў да задання.
Пад азімыя культуры ўнесена ўсяго прыкладна палова арганічных удабрэнняў. «Ліпнянка», райаграсэрвіс, «БелДан» увогуле не падкармілі азімыя мінеральнымі, а «Шлях новы» і «Востраў-Агра» ўнеслі толькі калій. Як адзначыў галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук, гэтыя гаспадаркі ўжо страцілі частку будучага ўраджаю. Хоць нейкім чынам выправіць сітуацыю можна за кошт правядзення ранняй веснавой падкормкі азотнымі ўдабрэннямі. Але, акрамя СВК «Ляхавіцкі» і ААТ «Жарабковічы», ва ўсіх астатніх гаспадарках мінеральных удабрэнняў пад яравую сяўбу-2019 пакуль не назапашана.
Што датычыцца арганікі, то яе нарыхтавана 103 працэнты, 95,5 працэнта вывезена на палі. Найлепш ідуць справы ў «Жарабковічах», «Начы», «Белпрампрыборы», «Востраве-Агра». Нізкімі тэмпамі вядзецца вывазка ў райаграсэрвісе.
У некаторых гаспадарках ёсць пытанні да колькасці і якасці насення, пры тым, што сяўба не за гарамі. У райсельгасхарчы агучылі статыстыку: два гады назад у структуры насення эліта складала амаль чвэрць, а пад ураджай 2019 года ў наяўнасці толькі 4,5 працэнта элітнага насення. А гэта значыць – зноў недабор ураджаю.
Для росту вытворчасці малака і мяса неабходна нарыхтаваць не менш за 27 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў на адну ўмоўную галаву жывёлы. Прычым важная не толькі колькасць, але і якасць нарыхтаванага. Сёлета плануецца комплексная работа па павышэнні прадукцыйнасці кармавых угоддзяў за кошт перазалужэння палепшаных лугапашавых угоддзяў, сяўбы шмат-гадовых траў і ўнясення пад іх мінеральных удабрэнняў.
Мінулай восенню не ўсе гаспадаркі («Шлях новы», райаграсэрвіс, «Тальмінавічы», «БелДан») справіліся з ворывам, таму і гэтыя работы давя-дзецца завяршаць вясной.
Да пачатку сакавіка ўся пасяўная тэхніка павінна знаходзіцца на лінейцы гатоўнасці, для корманарыхтоўчай тэхнікі кантрольны час – 1 красавіка. Што на справе? Гатоўнасць камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў у гаспадарках раёна склала 84 працэнты, энерганасычаных трактароў –  88 працэнтаў. У «Начы», «Ляхавіцкім», «Белпрампрыборы», «Востраве-Агра» тэхніка хоць сёння ў поле. На жаль, такі малюнак пакуль не ўсюды.
На рамонт тэхнікі, акрамя ўласных сродкаў гаспадарак, накіравана 96 тысяч рублёў крэдытных рэсурсаў для «Шляху новага» і райаграсэрвіса. На тэхабслугоўванне энерганасычаных трактароў, камбайнаў выдзелена 120 тысяч бюджэтных рублёў. Не спяшаюцца скарыстацца мэтавай дзяржпадтрымкай «Тальмінавічы», «Белпрампрыбор», ільнозавод. Марудна вядзецца рамонт тэхнікі ў «Ліпнянцы», райаграсэрвісе.
А між тым, хапае і іншай тэрміновай работы – прыняць меры па назапашванні неабходнай колькасці паліва, каб не дапусціць прастояў тэхнікі, стварыць мабільныя звёны для тэхнічнага абслугоўвання няспраўнай тэхнікі непасрэдна ў полі.
На асаблівым кантролі – стварэнне належных санітарна-бытавых умоў,
арганізацыя харчавання для ўдзельнікаў сяўбы. Пра гэта таксама трэба паклапаціцца ўжо сёння.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.