Узялі ідэю на аловак

Ляхавічане сярод  фіналістаў рэспубліканскага  маладзёжнага конкурсу   «100 ідэй для Беларусі» – навіна не радавая.
Дайсці да фінішу  ў папулярным маладзёжным конкурсе, які арганізоўвае БРСМ, ганарова і па сілах  не кожнаму. У настаўніка хіміі СШ №1 Сяргея Абяргана і 11-класніка  Эдуарда Казака атрымалася!

Яны пераможна прадставілі праект «Цынкавы аловак: гальванастэгія ў дамашніх умовах» на абласным этапе і бліскуча фінішавалі ў Мінску.
27 лютага ў бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій фіналісты конкурсу на лепшую інавацыйную ідэю (навучэнцы, студэнты, маладыя вучоныя) прэзентавалі свае перспектыўныя распрацоўкі і абаранялі праекты перад рэспубліканскім экспертным саветам. Аўтары ляхавіцкага праекта Эдуард Казак і Карына Стрыгельская (дзяўчына прадстаўляла работу на рэгіянальным этапе), кіраўнік і натхняльнік Сяргей Абярган стварылі партатыўнае ўстройства для нанясення новых ці аднаўлення старых цынкавых пакрыццяў.

Простай мовай кажучы, школьнікі пад кіраўніцтвам педагога стварылі «цынкавы аловак» – прыстасаванне для барацьбы з карозіяй жалеза. Не лішнім ён будзе, напрыклад, у майстэрні аўтамабіліста. 
Праект прэзентаваны ў намінацыі «хімічныя тэхналогіі, нафтахімія», у якой было заяўлена 48 стартапаў. 
І няхай па выніках конкурсу прозвішчаў нашых землякоў сярод узнагароджаных няма, але тое, што яны заўважаны, дайшлі да фіналу і дзяліліся сваёй напрацоўкай з іншымі – паказальны вынік. Па словах першага сакратара ЦК БРСМ Дзмітрыя Варанюка, фінальная сотня праектаў – усе пераможцы, і іх ідэі заслугоўваюць самай пільнай увагі.
Сяргей Абярган задаволены выступленнем свайго выхаванца і спадзяецца, што справа будзе прадоўжана. Эдзік не хавае радасці:
– Конкурс «Сто ідэй для Беларусі» – сапраўднае свята навукі і інавацый. Ганаруся, што быў яго ўдзельнікам. За гэта ўдзячны свайму настаўніку Сяргею Уладзіміравічу, а яшчэ за падтрымку – райкаму Ляха-віцкага БРСМ. Цікава было абмяняцца думкамі са сваімі равеснікамі, пагутарыць з мала-
дымі вучонымі. Іх праекты ўражваюць і натхняюць, узровень іх вельмі высокі. Мяне асабліва зацікавіла стварэнне калекцыі індуцыраваных плюрыпатэнтных ствалавых клетак, атрыманых ад пацыентаў з рэдкімі генетычнымі захворваннямі.
Дарэчы, «Сто ідэй для Беларусі» не першая вышыня Эдуарда Казака і яго настаўніка Сяргея Абяргана. 21-23 лютага на XXIII рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару Эдзіку за праект па электрахі-
міі «Электралітычная ачыстка жалеза: фізіка-хімічны аспект» 
прысуджаны дыплом I ступені.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.