На бабуліны бліны …мая сям’я збіраецца кожную нядзельную раніцу

Усе дамашнія ведаюць: у бабулі Людмілы Грынь яны атрымліваюцца пышныя, як сама гаворыць, наздраватыя і, самае галоўнае, вельмі смачныя. Прызнацца, і суседзі, і дачныя сябры таксама ведаюць: яе блінам роўных няма. А ў масленічны выхадны гэта страва па праве займае месца ў цэнтры стала.
Сёння Людміла Грынь – госць «веснікаўскай» рубрыкі «Смачна есці!». Разам з ёй вучымся гатаваць, як па мне, самыя смачныя аладкі ў свеце.

Бабуля гаворыць, што ў рэцэпце няма нічога надзвычайнага, і не разу-мее, чаму бліны так хутка разлятаюцца па талерках. Хіба што дадае туды яшчэ адзін сакрэтны інгрэдыент – вялікую порцыю любві. Гатуе ж для самых блізкіх.
– Увогуле, за прыгатаванне трэба брацца толькі з добрым настроем, інакш лепш гэту справу адкласці на потым. Нічога смачнага без натх-нення не атрымаецца, – сцвярджае бабуля.
Прасейваем муку, дадаём туды спачатку соль, потым цукар і соду (яе не трэба «гасіць» воцатам), заліваем усё гэта сыроваткай. І пачынаем мяшаць лыжкай.
Пакуль бабуля перамешвае (гэта працэс мінут на 10), расказвае, што рэцэпт ведае ад маці. Як і пераняла ад маёй прабабулі Разаліі Міхайлаўны гэту традыцыю – бліны збіраюць усю сям’ю за адным сталом.
Успамінае, як у дзяцінстве, яшчэ ў бацькоўскім доме па Першамайскай, бліны гатавалі ў печцы. Маці ўставала рана – аб’ёмы цеста значна адрозніваліся ад сённяшніх, дзяцей у сям’і было пяцёра. Таму аладкавы водар быў у нядзелю самым лепшым будзільнікам. Ды і паназіраць любілі, як у печцы блін літаральна рос на патэльні, што стаяла на цаглінцы. А на Масленіцу здавалася, што ўсе гаспадыні Першамайскай – майстры на бліны. У гэты дзень дым з труб ішоў з аладкавым пахам.
Вернемся да нашых бліноў. Калі цеста стала падобным па кансістэнцыі на густую смятану  (і важна, каб без камячкоў), дадаём туды алей і пакідаем настояцца яшчэ мінут 15.
Бабуля з усмешкай прыгадвае: калі прыехала на радзіму майго дзеда Мікалая на Навагрудчыну, мучнымі блінамі здзівіць яго сям’ю не атрымалася. У іх на Масленіцу пяклі тоненькія бліны, але з бульбы. Дзядуля і сёння адказвае за гэту страву на нашым стале.
Калі цеста настоялася, пераходзім да смажання. На патэльню алей ліць не трэба, досыць яе разагрэць. Насуперак усім новым антыпрыгарным пакрыццям, бабуля аддае перавагу звычайнай чыгуннай патэльні. Адзін прыгатаваны блін – прыкладна чарпак цеста.
Ёсць яшчэ адзін нюанс. Калі пачынаеш смажыць, ліць цеста трэба ў цэнтр патэльні, а вось круціць яе не трэба, маса сама разыдзецца па паверхні.
… І першы блін, жартуе бабуля, як і ва ўсіх, камяком. Затое наступныя, як і загадвалася, пышныя, наздраватыя, духмяныя. Акуратна пераварочвае іх, папярэдне правярае, ці падсмажыўся бок. Блінны стосік паціху расце.
У Грынёў-старэйшых трое дзяцей і пяцёра ўнукаў. Для ўсіх да бабулі на бліны – справа абавязковая. У кватэры пахне смачным, чуецца, як на кухні нешта шыпіць-шкварчыць, а дзядуля спяшаецца за варэннем. Унучкі любяць бліны з малінавым джэмам, іншым лепш памачаць у смятану. Мужчыны ж любяць да бліноў патэльню «па-вясковаму»: на-
смажанае сала з яйкамі. А яшчэ часта бабуля перакладае бліны маслам, таксама атрымліваецца смачна.
…Пакаштуем.
М-м-м – пальчыкі абліжаш. Як і заўсёды, вельмі смачна! А мая Людміла Міхайлаўна гаворыць, што ад слоў «Дзякуй, мамачка! Бабуля, бліны проста клас!» самая шчаслівая.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Бабулін рэцэпт

Нам патрабуецца паўкілаграма мукі, паўлітра сыроваткі, палову чайнай лыжкі солі, чайная лыжка соды і цукру (хто любіць саладзейшыя бліны, можна дадаць больш), чайная лыжка алею.

Бліны на кефіры

Спатрэбіцца: 0,5 л кефіру, шклянка малака, яйка, 1-2 ст. л. цукру, 0,5 ч. л. солі, ч. л. соды, мука, алей.
У падагрэты кефір дадайце цукар, муку, соль, соду, яйка і добра перамяшайце. Мукі ўсыпце столькі, каб цеста атрымалася густым, як смятана. Шклянку малака давядзіце да кіпення і ўліце ў цеста, памешваючы. Дадайце 2 ст. лыжкі алею і ўсё добра перамяшайце. Бліны салодкія, сочныя, смачныя і заўсёды атрымліваюцца.
Марына ПРОНЬКА.

Ажурныя блінчыкі

Спатрэбіцца: 2,5 шклянкі мукі, літр малака, 65 г сметанковага масла, 2 ст. л. алею, 3 ст. л. цукру, па 0,5 ч. л. соды і солі.
Спачатку змяшайце ўсе сухія інгрэдыенты, потым уліце алей і палову малака. Перамяшайце і дадайце астатняе малако. Растапіце сметанковае масла і ўліце ў цеста. Блінчыкі атрымаюцца ажурнымі і прыгожымі.
Іна БОРТНІК.

Сырныя бліны

Спатрэбіцца: 1,5 шклянкі малака, 2 яйкі, шклянка мукі, 150 г сыру, па 1 ч. л. солі, цукру і разрыхляльніку, 2 ст. л. алею, кроп.
Змяшайце цёплае малако з цукрам, соллю і яйкамі. Дадайце муку з разрыхляльнікам. Сыр надзярыце на дробнай тарцы і ўсыпце ў сумесь, потым зяленіва і алей. Добра перамяшайце. Выпякайце на гарачай патэльні, змазанай алеем. Гатовыя блінчыкі змажце сметанковым маслам.
Ганна ПАПКО.