Сцяг у гонар пераможцы

Асобае стаўленне да людзей, чыя прафесія хлебароб, — захапленне, павага, удзячнасць. Не кожны здольны ў 40-градусную спякоту трымаць у руках штурвал камбайна і працаваць з кароткачасовым перапынкам на абед, і зноў аж да ночы, бункер за бункерам сыпаць у засекі дзяржавы хлебнае багацце. Канешне, не апошнюю ролю для хлебароба мае і матэрыяльны стымул. Аднак, сумленне гэтых людзей наскрозь прапітана абавязкам: нельга дапусціць, каб колас высыпаў зерне, каб тое, што вырашчана нялёгкай працай, прапала. Вось яны і даражаць кожнай спрыяльнай гадзінай, хвілінай, мараць, каб яшчэ хоць некалькі дзён прастаяла няхай сабе нават спёка. Дарэчы, такое гарачае лета спрыяльнае і ў эканамічным плане: часта зерне практычна без дасушкі сыплецца ў засекі…

Зразумела, што вельмі важна працаваць і бачыць лічбавыя вынікі сваіх намаганняў. Гэта свайго роду стымул для ўдзельнікаў працоўнага спаборніцтва. Ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах Ляхавіччыны штодзённа фіксуецца работа кожнага зернеўборачнага экіпажа, залічваецца на рахунак вадзіцеляў кожная тона зерня, адвезенага на зернеток. Інфармацыйныя экраны стракочуць то знаёмымі, то новымі прозвішчамі. У СВК «Шлях новы», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» у гонар пераможцаў кожную раніцу ўзнімаецца сцяг: усё наваколле ведае, што сёння, напрыклад, ён у гонар экіпажа Аляксея Кумейшы і Анатолія Дзядовіча. Несумненна, што гэта натхняе і абавязвае. У СВК «Жарабковічы» лепшым уручаюцца грашовыя прэміі. У большасці сельгаспрадпрыемстваў інфармацыйныя групы выязджаюць прама на жніўнае поле, каб лепшым камбайнерам перадаць пераходныя вымпелы і паціснуць мазолістыя рукі. У СВК «Ляхавіцкі» першых «тысячнікаў» прыехалі павіншаваць не толькі старшыні гаспадаркі — Аляксандр Вітко, Начаўскага сельскага Савета — Вячаслаў Новік, але і мясцовыя самадзейныя артысты. Дарэчы, кароткія перапынкі на абед часта суправаджаюцца міні-канцэртамі на палявых станах раёна. Несумненна, добры настрой спрыяе працы.

Экіпаж камбайнераў у складзе Андрэя Юруця і Юрыя Сяргея з ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» лепшы сярод лепшых у раёне на жніве. Здаецца, ён не спыняе работы, але, дзякуючы аператыўнай дзейнасці інфармацыйнай групы гаспадаркі, заўсёды ў курсе вынікаў сваёй працы і іншых удзельнікаў спаборніцтва.

Падтрымлівае «сваіх» і раённая маладзёжная арганізацыя БРСМ: вымпелы, віншавальныя паштоўкі адрасуюць экіпажам, сярод якіх у пераможцах Руслан Бут і Юрый Бруцкі.

Можна сказаць, што адны з самых моцных сямейных дынастый — хлебаробскія. Пераходзіць у спадчыну справа вырошчваць хлеб надзённы ад бацькі да сына, або нават да дачкі, ці побач з мужам — старшым камбайнерам — становіцца ў якасці камбайнера жонка, брат вучыць брата… Генадзій Граблюк з СВК «Ляхавіцкі» працуе разам з дачкой- студэнткай Мартай. Ды не проста працуюць Граблюкі, а вынікова: экіпаж сярод лідараў раённага спаборніцтва.

Працоўнае саперніцтва разгорнута і паміж вадзіцелямі на адвозцы зерня. Пакуль што больш іншых перавёз хлебных тон Юрый Тарабеш з СВК «Шлях новы».

Кругласутачная праца прыбаўляе новыя тоны дасушанага і ачышчанага зерня, якое адпраўляецца ў залік дзяржзаказу і ў засекі гаспадарак. Кожнае сельгаспрадпрыемства называе сваіх перадавікоў. А ў маштабах раёна на зернеачышчальных сушыльных комплексах цвёрдую першую пазіцыю занялі Анатолій Герасімовіч і Леанід Юнік з СВК «Ляхавіцкі».

…Вось і зноў на палявы стан СВК «Шлях новы» выехалі самадзейныя мясцовыя артысты. Кароткі абед, смачны і прыемны, пад песні пра каханне і хлеб. Заманліва паслухаць, але прыспешвае час: прывітальна махнуўшы рукой, камбайнеры спяшаюцца да сваіх машын. А наўздагон ім — задушэўная песня.

Яшчэ кіпіць жніво, у якім хлебароб ведае цану кожнага коласа.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *