Клопат летняга дня

«Лета — залатая пара, не губляй ні хвіліны дарма». Народная мудрасць як заўсёды ў «яблычка». Сёлетняе надвор’е надзвычай спрыяе ў арганізацыі нарыхтовак і работнікам спажывецкай кааперацыі, і перапрацоўчым арганізацыям, і насельніцтву.

Як паведаміў начальнік аддзела нарыхтовак райпо Віктар Скіндзер, з пачатку сезона нарыхтавана 300 тон агуркоў (пры заданні 60), 17 тон таматаў (у мінулым годзе 11), капусты больш за 10 тон, маладой бульбы 9 тон. Дарэчы, закуплялі агуркі на Століншчыне. За нарыхтоўчы сезон райпо закупіла на 110 тон агуркоў больш, чым за гэты перыяд летась. Усе яны адпраўлены на Ляхавіцкі кансервавы завод.

Таксама ў насельніцтва закуплена 6 тон чорнай парэчкі, больш 18 тон клубніц, 63 тоны чарніц , з якіх 20 тон ужо прадалі за мяжу — у Польшчу, яшчэ 20 тон рыхтуецца да экспартнай адпраўкі. Для параўнання, летась было нарыхтавана 30 тон. Закуп чарніц ажыццяўлялі акрамя Ляхавіцкага ў 6 раёнах Брэстчыны: Іванаўскім, Столінскім, Ганцавіцкім, Баранавіцкім, Івацэвіцкім, Пінскім. Атрыманы дазвол і на закупку дзікарослых журавін.

У насельніцтва райпо закупляе бульбу, капусту, моркву, буракі, часнок, белыя грыбы. Заключаны дагавор на пастаўку агародніны з арандатарам зямлі спажывецкага таварыства Іванам Рамейкам. Ён ужо здаў 1,5 тоны бульбы, 1,1 тоны таматаў, 600 кілаграмаў цыбулі і іншай прадукцыі.

Ляхавіцкім райпо за 7 месяцаў бягучага года заданні па нарыхтоўцы агародніны выкананы на 134,8 працэнта.

Зараз актыўна вядзецца закуп яблыкаў. Іх у гэтым годзе ўрадзіла багата. Ужо нарыхтавана 470 тон вітаміннай прадукцыі (60 працэнтаў ад плана). Цяпер прымаецца ў асноўным апад. Нарыхтоўкай займаюцца 3 штатныя работнікі, 6 пазаштатных, 2 вадзіцелі з аўтамабілямі. У аддаленыя населеныя пункты райпо накіроўвае транспарт для закупкі сельгассыравіны.

Калі матэрыял рыхтаваўся да друку, у рэдакцыю патэлефанаваў жыхар вёскі Шчаснавічы, які назваўся Іванам Хмаруком. Ён у роспачы паведаміў, што з райпо паабяцалі прыехаць за яблыкамі ў панядзелак, 6 жніўня. Аднак, нават і раніцай у сераду вяскоўцы нарыхтоўшчыкаў не дачакаліся. А сабраная ў мяхі сыравіна тым часам губляла кандыцыю… За каментарыем «ЛВ» звярнуўся ў райпо. Віктар Скіндзер запэўніў, што ў сераду, 8 жніўня, у другой палове дня ўсе жадаючыя ў Шчаснавічах маглі здаць яблыкі.

Прадукцыя ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» запатрабавана па ўсёй рэспубліцы і не толькі. Як у іх лета працуе на зіму, а зіма — на лета?

— Работа ідзе на поўную магутнасць, у 3 змены. На падсобнай гаспадарцы вырашчана і ўжо нарыхтавана 292 тоны шчаўя (зрэзка — кожныя два тыдні), 700 тон кабачкоў. І гэта толькі першы збор. Амаль выканана планавае заданне па агурках — закуплена 300 тон пры плане 310. Каб задаволіць густ патрабавальнага пакупніка, агуркі кансервуем па чатырох рэцэптах. Рыхтуемся да ўборкі цыбулі. Радуе ўраджай зяленіва. Пятрушку, кроп выкарыстоўваем для кансервавання, засольваем для далейшай перапрацоўкі. Пасля 20 жніўня пачнецца прыём яблыкаў, якіх плануем нарыхтаваць 1000 тон. Прадукцыю завода адпраўляем ва ўсе рэгіёны рэспублікі і за яе межы, — расказала галоўны эканаміст завода Вольга Бурак.

Нарыхтоўчая кампанія працягваецца. Галоўнае, каб у адной звязцы працавалі тыя, хто шчыруе на зямлі, і тыя, ад каго залежыць нарыхтоўка і перапрацоўка прадукцыі. Тады належным чынам будуць задаволены патрэбы насельніцтва.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *