Каралева Марго. Ураджэнка Ляхавічаў перамагла ў рэспубліканскім конкурсе прыгажосці і таленту «Міс Беларускага таварыства глухіх-2019»

Днямі стала вядома прыемная навіна: ураджэнка Ляхавічаў перамагла ў рэспубліканскім конкурсе прыгажосці і таленту «Міс Беларускага таварыства глухіх-2019». Яго арганізатары пастараліся стварыць атмасферу асаблівага свята і душэўнасці. На карону прэтэндавалі сем дзяўчат з інваліднасцю па слыху з Мінска, Віцебскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Наша зямлячка 18-гадовая Маргарыта Баўтрукевіч – прыгажуня, спартсменка і проста цудоўны чалавек – прадстаўляла Брэстчыну. Ляхавічы – малая радзіма Маргарыты, тут жывуць яе родныя і сябры, прапісаны мілыя сэрцу мясціны.

Каб Рыта магла вучыцца ў спецыялі-заванай школе
для дзяцей з парушэннямі слыху, сям’я Баўтрукевічаў – бацька Генадзій, мама Наталля і сястра Ганна –у свой час з Ляхавічаў пераехала ў сталіцу.
– У райцэнтры была кватэра і любімая работа, але адсутнічалі ўмовы для развіцця Маргарыты, – расказвае Наталля Баўтрукевіч.
Без спецыяльных праграм навучання дзяўчынка магла не загаварыць. Нейрасэнсорная тугавухасць – такі дыягназ паставілі ўрачы, калі
Маргарыце было паўтара года. Зараз у дзяўчыны добрыя слыхавыя апараты, яна чытае па губах, з сябрамі размаўляе на мове жэстаў.
– У Мінску Рыта пайшла ў  першы клас спецыялізаванай школы, Ганна асвойвалася ў дзясятым класе гімназіі. Пашанцавала, што маё месца працы было побач з Рыцінай школай, – успамінае Наталля. – Мы заўсёды верылі, што ў нашай дзяўчынкі ўсё атрымаецца.
Мары спраўдзіліся. Маргарыта – першакурсніца Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі, вучыцца на аператара ЭВМ. Да паступлення ў навучальную ўстанову не сядзела і цяпер не сядзіць у чатырох сценах, амаль кожны дзень распісаны: заняткі танцамі, у секцыі валейболу (выступала на спаборніцтвах за школу, зараз за каледж), іграе ў аматарскім тэатры пантамімы ў Палацы культуры таварыства глухіх. Адно з яе захапленняў – фатаграфія. У аб’ектыве – прырода, людзі і сама. Паўтара года займаецца ў агенцтве сучаснай моды і прыгажосці «Би Джу», дзе асвойвае акцёрскае майстэрства, уменне фатаграфаваць, трымацца на сцэне. Вырашыла паспрабаваць свае сілы ў конкурсе прыгажосці.
– Не магла паверыць, што галоўная «Міс» – я. Перапаўнялі радасць і шчасце! У жыцці няма нічога немагчымага. Калі верыць у свае сілы, у сябе – мары абавязкова стануць рэальнасцю, – прызнаецца Маргарыта.
Яе падтрымлівалі родныя. Таму хоць і хвалявалася, але адчувала пазітыў, не пасавала перад іспытамі. Удвая прыемна, што пасля конкурсу не змаўкаў дома тэлефон, сыпаліся віншавальныя эсэмэскі і паведамленні.
Маргарыта на ўласным прыкладзе змагла даказаць і паказаць, што абмежаваныя фізічныя магчымасці – не прыгавор і не абмежаванне здольнасцяў.
У ліпені наша зямлячка прадставіць Беларусь на конкурсе Miss and Mister Deaf World and Europe and Asia, які пройдзе ў ЮАР.
Наталля ПЕРАПЕЧКА

Фота з архіва сям’і БАЎТРУКЕВІЧАЎ.