Да Еўрапейскіх гульняў – гатовы!

Секунды. Хвіліны. Гадзіны. Дні. На афіцыйным сайце  ІІ Еўрапейскіх гульняў minsk2019.by ідзе дакладны адлік часу да пачатку самага масавага за ўсю гісторыю краіны спартыўнага мерапрыемства. У запасе ёсць 100 дзён. Не яшчэ, а ўсяго. Спартсмены рыхтуюцца паказаць клас, арганізатары – здзівіць усіх і зрабіць Гульні запамінальнымі, а балельшчыкі запасаюцца білетамі, каб падтрымаць сваіх куміраў. Лозунг свята абяцае гэтыя спартыўныя дзесяць дзён ператварыць у «час яскравых перамог».

Напрыканцы лютага паўсотні прадстаўнікоў рэгіянальных СМІ наведалі Рэспубліканскі дом журналіста, дзе у дэталях і падрабязнасцях даведаліся пра падрыхтоўку да ІІ Еўрапейскіх гульняў, як гаворыцца, з першых вуснаў.
Каб правесці спаборніцтвы такога ўзроўню, будаваць новыя спартыўныя аб’екты ў Беларусі не патрабавалася. Арэны, стадыёны, залы ў поўнай гатоўнасці прыняць Еўрапейскія гульні. Надзвычай зручнае размяшчэнне сталічных спартыўных пляцовак дае магчымасць камфортна перамяшчацца паміж імі. Плануецца, што мінскія пляцоўкі прымуць больш за чатыры тысячы спартсменаў з паўсотні краін, каля дзвюх тысяч трэнераў і персаналу. А колькі ў Беларусь прыедзе гасцей, тым больш падчас спартыўнай дзесяцідзёнкі ўводзіцца бязвізавы рэжым для тых, хто набыў білет на спаборніцтвы. Паўмільярда гледачоў больш чым з сотні краін будуць сачыць за Гульнямі з экранаў тэлевізараў.
Рэгіянальныя журналісты прайшліся па шматфункцыянальным культурна-спартыўным комплексе «Мінск-Арэна», дарэчы, адным з сучасных збудаванняў такога тыпу ў Еўропе. Тут адбудуцца спаборніцтвы па мастацкай і спартыўнай гімнастыцы, веласпорце, аэробіцы, акрабатыцы і скачках на батуце. На трэках спартыўна-забаўляльнага комплексу Falcon Club будуць вызначаны пераможцы ў бадмінтоне.
Адноўлены стадыён «Дынама» ўжо ў прадчуванні чагосьці неверагоднага. Менавіта гэтая спартыўная жамчужына стане месцам, адкуль стартуюць Гульні, тут запаліцца-заіскрыцца сімвалічны алімпійскі факел, гэты ж адрас стане і фінішнай прамой ІІ Еўрапейскіх. Рэгіянальныя журналісты загадзя пазнаёміліся, дзе і ў якіх умовах ім у хуткім часе працаваць. Прымералі спартыўныя карэспандэнты і месцы, што стануць для іх працоўнымі з 21 па 30 чэрвеня. Тут будзе размешчаны галоўны медыяцэнтр.
Білеты ўжо ў продажы і, як адзначыў намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў-2019» Анатолій Котаў, найбольшай папулярнасцю ў гледачоў карыстаецца цырымонія адкрыцця.
Пакуль свята ў стадыі падрыхтоўкі, беларускія гарады пераапрануліся ўжо ў спартыўнае. Шматлікія білборды, грамадскі транспарт і не толькі падаграюць інтарэс. Выявы талісмана Гульняў лісяняці Лесіка з’явіліся літаральна паўсюль: ён запрашае адправіцца разам з ім у спартыўнае падарожжа.
Яшчэ адзін афіцыйны сімвал Еўрагульняў – папараць-кветка, якая, па народных паданнях, прыносіць шчасце таму, хто яе знайшоў. Няхай і ў гэта свята кожны знойдзе сваю папараць-кветку: для спартсменаў гэта бу-дзе пераможны медаль, для балельшчыкаў – аўтограф або сэлфі са сваім спартыўным кумірам, а можа проста – зарад энергіі і безліч эмоцый. Галоўнае – ісці за марай.
Прыемны сюрпрыз падрыхтавалі арганізатары гэтай спар-тыўнай сустрэчы. На пытанні журналістаў рэгіянальных СМІ адказалі беларускія спартсмены, якія будуць прадстаўляць нашу краіну на Еўрагульнях. Безумоўна, будні Дар’і Харанэка і Анастасіі Будэйка (спартыўная акрабатыка), Васілісы Марзалюк (чэмпіёнка Еўрапейскіх гульняў па жаночай барацьбе), каратыста Антона Ісакава напоўнены трэніроўкамі. Яны мараць заняць сваю пераможную прыступку на еўрапейскім п’едэстале і прызнаюцца: немалаважны складнік у паспяховым старце – моцная падтрымка балельшчыкаў.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.