Родам з «Беларусі»

Яна даўно на заслужаным адпачынку – як-ніяк 82 гады, але па-ранейшаму цікавіцца, што адбываецца  ў свеце, краіне і, канешне, раёне. Прызнаецца, з нецярпеннем чакае кожны нумар  «Ляхавіцкага весніка» і ўважліва чытае раёнку, каб быць у курсе ўсіх падзей.
Яе лёс у многім падобны на лёсы тысяч іншых сучаснікаў, чыё дзяцінства прыпала на гады ваеннага ліхалецця. Яны нараўне з дарослымі вытрымалі ўсе выпрабаванні, каб жыць, выхоўваць   уласных дзяцей, адбудоўваць краіну і ўпэўнена глядзець у будучыню.

▼«Будаўнік камунізму» № 61 (2470) за 21 мая 1966 г.
▲«Будаўнік камунізму» № 22 (2586) за 18 лютага 1967 г.

– Наша сям’я з вёскі Любішчыцы Івацэвіцкага раёна. Мне было ўсяго пяць гадоў, але пачатак вайны моцна ўрэзаўся ў памяць. Ехала з дзедам на возе і раптам страшны гул, на небе нібы чорная хмара, самалёты. Дзед сказаў, мабыць, вайна пачалася. Што такое вайна, я не ведала, але было вельмі страшна, – успамінае Марыя Аляксандраўна.
За гады фашысцкай акупацыі Маша, як і многія іншыя дзеці, пасталела не па гадах. Памерла маці, і дзяўчынку забралі да сябе на хутар бабуля з дзядулем. Чым маглі дапамагалі партызанам: пяклі і перадавалі хлеб. Аднойчы пасля таго, як быў узарваны чарговы варожы эшалон, гітлераўцы ледзьве не расстралялі ўсю іх сям’ю.
Вайна пакінула свой штодзённы напамін Марыйцы. Гэта здарылася ў маі 1944 года. Дзяўчынка грэла рукі над кастром, у якім аказалася міна. Асколкам адарвала пальцы на руцэ. Усё магло закончыцца яшчэ больш трагічна, але ёй было наканавана іншае: жыць і помніць.
Праз дзесяцігоддзі, калі наведвала Хатынь, не магла стрымаць слёз, расказвала, што суседняя з яе хутарам вёска Боркі паўтарыла лёс Хатыні: фашысты ў гумне закрылі і спалілі жывымі 19 чалавек, сярод іх і сваякі Марыі.
Дайшоў да Берліна і вярнуўся дамоў яе дзядзька, у партызанскім атрадзе ваяваў муж роднай цёткі. Не было такой сям’і, якую б не закранула вайна. Яна скончылася, далей – мірнае жыццё. І ў ім Марыя сказала сваё важкае слова.
…Міхаіл Шэлех з Ляхавіцкага раёна паехаў у Пінскі  сельгастэхнікум вучыцца на агранома. Вярнуўся ў родны калгас «Беларусь» не толькі з дыпломам, але і з маладой жонкай, таксама аграномам.
Марыя Аляксандраўна з гонарам гаворыць, што ёй, 21-гадовай, пашанцавала пачаць працоўную біяграфію ў адным з лепшых калгасаў Ляхавіцкага раёна – «Беларусь».
– Людзі тут заўжды працавітыя, дбайныя гаспадары, якія ведаюць падыход да зямлі. А яна тут урадлівая. Многае залежыць і ад кіраўніцтва гаспадаркі. Старшынёй у гады мінулага стагоддзя быў Пётр Бычкоў. Тады пра яго гаварылі – наватар, а мы называлі залатым чалавекам – вельмі ж уважлівы быў да людзей працы. І кіраўнік спраўны: і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве паказчыкі гаспадаркі былі высокія. Пётр Панкратавіч імкнуўся ўкараняць новае і ў калгасную вытворчасць, – успамінае перадавая калгасніца.
Звяно Шэлех у «Беларусі» было адным з лепшых. Вырошчвалі збожжавыя, кукурузу, цукровыя буракі, але культура нумар адзін – лён. Каб вырасціць добры ўраджай, сцвярджае ветэран працы, трэба было тысячы разоў лянку пакланіцца. Хоць усе работы выконваліся ўручную, толькі сеялі трактарамі (ільноцерабілкі з’явіліся пазней), ураджайнасць расла з года ў год. У 1966 годзе яна склала 8 цэнтнераў з гектара. За такі высокі вынік звеннявую Марыю Шэлех узнагародзілі ордэнам Леніна.
Дарэчы, яна заўзята спаборнічала яшчэ з адной перадавой звеннявой – Вольгай Мацюшка з калгаса імя Ламаносава, якой было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.
– Дагоніць наша Марыя вашу Вольгу і перагоніць, – любіў паўтараць Пётр Панкратавіч. Вельмі ж ён перажываў за калгас, і нас калгаснікаў. Як радаваўся, калі мяне абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Гаварыў, бачыш Марыя, як цябе людзі паважаюць, – з цеплынёй прыгадвае ветэран працы.
Як і іншыя калгаснікі-паляводы, звяно Шэлех з інтарэсам асвойвала новыя тэхналогіі, што прапаноўваў старшыня. У гаспадарцы садзілі цукровыя буракі, кукурузу квадратна-гнездавым спосабам, дзякуючы чаму павысіліся ўраджаі. Бычкоў гаварыў ільнаводам: «Пацярпіце, дзяўчаты, хутка тэхніку вам прывязём у дапамогу». І стрымаў сваё слова. Колькі крыкаў было, калі работніцы пачулі, што «блакітны» будзе ўбіраць спецыяльная тэхніка, баяліся, што паломіць гэты трактар увесь лён…
– Аграгарадкі ў Беларусі з’явіліся ў ХХІ стагоддзі, а я лічу, што ў Жарабковічах аграгарадскія ўмовы былі створаны ў 60-х гадах мінулага веку. Тут было ўсё: школа, дзіцячы садок, магазіны і нават свой раддом, – расказвае Марыя Аляксандраўна.
Калгас «Беларусь» быў заўжды ў раённых перадавіках і неаднойчы прадстаўляў рэспубліку на ВДНГ. Разам з іншымі ўдастойвалася гонару паехаць у Маскву і Марыя Шэлех.
Звеннявая, дэпутат – кар’ера простай сялянкі прыгожая, красамоўная, заслужаная. Шэсць гадоў яна была старшынёй Падлескага сельсаве-та, потым амаль 20 гадоў сакратаром у Жарабковіцкім сельвыканкаме. З рознымі просьбамі і праблемамі да Марыі Аляксандраўны за дапамогай і парадай прыходзілі аднавяскоўцы, яна старалася выслухаць, па магчымасці дапамагала. І заўсёды з павагай і пашанай ставілася да кожнага.
Нягледзячы на розныя цяжкасці, Марыя Шэлех сцвярджае, што яе жыццё шчаслівае. І сапраўды, хіба не падарунак лёсу – любімы і любячы муж, пабудаваны разам дом, трое дзяцей, сямёра ўнукаў і 15 праўнукаў, работа, якая прыносіла радасць. І сёння энергіі Марыі Шэлех пазайздросцяць маладыя. Шкада толькі – здароўе падводзіць, а то, па словах дачкі Ніны Міхайлаўны, мама хоць сёння ў агарод пайшла б – нездарма па адукацыі аграном. Радуецца поспехам ААТ «Жарабковічы», трывалы падмурак якім закладзены калгасам «Беларусь». І кнігі любіць чытаць у асноўным сельскагаспадарчай накіраванасці, часопісы пра здароўе. Але галоўныя інтарэсы –
поспехі праўнукаў. Кожным з іх ганарыцца. А яны бязмежна любяць сваю ардэнаносную бабулю.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара і з сямейнага архіва Шэлех.

▲«Будаўнік камунізму» № 18 (2582) за 9 лютага 1967 г.