Прадметна пра камунальнае. У Ляхавіцкім райвыканкаме прайшла апаратная нарада

Станоўчая дынаміка ёсць, аднак, неабходна неадкладна прымаць меры для паляпшэння якасці камунальных паслуг. Такое патрабаванне да кіраўніцтва жылкамунгаса на апаратнай нарадзе выказаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Камінскі падчас разгляду пытання аб рабоце Ляхавіцкай ЖКГ па стабілізацыі эканамічнай сітуацыі прадпрыемства.

Дырэктар Андрэй Чайкоўскі сярод асноўных сёлетніх задач назваў зніжэнне вытворчых затрат і невытворчых страт, адпаведна – змяншэнне сабекошту рэалізаванай прадукцыі, работ, паслуг; павышэнне эфектыўнасці рамонту і эксплуатацыі жыллёвага фонду; максімальнае задавальненне запытаў спажыўцоў, паляп- шэнне якасці і асартыменту паслуг.
Па словах дырэктара, каэфіцыенты экспрэс-ацэнкі фінансавагаспадарчага стану прадпрыемства дазваляюць прагназаваць сёлета стабільнае развіццё. Рэальна дабіцца рэнтабельнасці продажу і чыстага прыбытку істотна больш запланаваных. Гэтаму павінны паспрыяць канкрэтныя крокі, сярод якіх – набыццё і ўстаноўка энергазберагальнага абсталявання, у прыватнасці, для свідравін і каналізацыйна-помпавых станцый, нарыхтоўка мясцовых відаў паліва (дроў) уласнымі сіламі і многае іншае.
Старшыня райвыканкама запатрабаваў дасягнення эканамічнага эфекту кожнага кроку па стабілізацыі сітуацыі ў ЖКГ. Асаблівая ўвага – якасці паслуг, у тым ліку – пітной водаправоднай вады.
Сярод крыніц даходаў – аказанне дадатковых паслуг, у тым ліку ад новых відаў дзейнасці. Так, на тэрыторыі былой ПМК-17, перададзенай на баланс ЖКГ, арганізавана работа ўчасткаў па вырабе жалезабетоннай прадукцыі і пластыкавых вокнаў. Дарэчы, якасную прапанову варта рэкламаваць, каб яна стала запатрабаванай у спажыўцоў.
На кантролі ўлады і функцыянаванне ачышчальных збудаванняў. Кіраўнік раёна падкрэсліў: неабходна прыняць усе меры, задзейнічаць усе рэсурсы, каб экалагічная сітуацыя змянілася ў лепшы бок. На парадку дня – рэканструкцыя лакальных ачышчальных збудаванняў мясцовага малочнага завода, які скідвае сцёкі ад вытворчасці ў гарадскую каналізацыю. Сваё важкае слова ў вырашэнні праблемы павінны сказаць не толькі камунальнікі, але і санітарная, і прыродаахоўная службы.
Яшчэ адзін накірунак дзейнасці, дзе жылкамунгас можа дадаткова зарабіць, – будаўніцтва і капітальны рамонт. Гэта асабліва актуальна ў сувязі з тым, што ў раёне засталася толькі адна будаўнічая арганізацыя – ПМК-13.
Выйсці на стабільны эканамічны ўзровень, падтрымліваць высокую прадукцыйнасць працы, забяспечыць мясцоваму насельніцтву зручнае і бяспечнае асяроддзе для пражывання – гэтыя і шэраг іншых задач паставіла перад камунальнікамі і нядаўна прынятая Дырэктыва № 7.
Галіна КАНЬКО.