Рэзервы дарожнага характару

Як паведамлялася, напярэдадні «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» і ў час яе правядзення на імя Кіраўніка дзяржавы паступіла больш за 2,5 тысячы зваротаў. У адпаведнасці з даручэннем Аляксандра Лукашэнкі ўсе яны павінны быць разгледжаны. Пасля сістэматызацыі ў Адміністрацыі Прэзідэнта, звароты накіроўваюцца ў канкрэтныя інстанцыі для далейшага разгляду і прыняцця мер.
Сярод адрасоў зваротаў – і Ляхавіцкі раён. Адзін з нашых землякоў пацікавіўся, чаму не выконваюцца сацыяльныя стандарты ў адносінах рамонту і абслугоўвання дарожнага палатна аграгарадскіх вуліц, рэгулярных транспартных зносін, асвятлення нерэгулюемых пешаходных пераходаў. Ён абавязкова атрымае пісьмовы адказ на свае пытанні. Пакуль жа «ЛВ» звярнуўся за каментарыем па тэме ў кампетэнтныя інстанцыі.

Адпраўная кропка размовы – дзяржаўны сацыяльны стандарт
№ 8 – удзельная вага вуліц з удасканаленым пакрыццём. І гэта адзіны ў раёне «стандартны» паказчык, які не дацягвае да пастаўленай планкі. Замест прадугледжаных не менш як 60 працэнтаў у нашым раёне – 57, 11. Праўда, такая лічба (і гэта розныя статыстычныя тонкасці) па стане на 1 ліпеня 2018 года. Так што, зразумела, не канчатковая. Для таго, каб яе «падрасціць», робіцца нямала. Але яшчэ больш належыць зрабіць.
Як нагадаў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Ляшчэня, утрыманне і рамонт каля 430 кіламетраў мясцовых аўтамабільных дарог і 169 кіламетраў вуліц сельскіх населеных пунктаў у Ляхавіцкім раёне ажыццяўляе ДРБУ-200 за кошт сродкаў абласнога бюджэту (у дарог рэспубліканскага значэння іншы гаспадар – ДЭУ-24). Толькі летась на бягучы рамонт мясцовых дарог было выдзелена больш за мільён рублёў, яшчэ 445 тысяч пайшло на іх утрыманне, 123 тысячы рублёў асвоена на ўтрыманні і рамонце вясковых і аграгарадскіх вуліц. Сумы, здаецца, даволі ўнушальныя. Але і сродкі на будаўніцтва і рамонт дарог патрэбны немалыя. «Напрыклад, леташні капітальны рамонт крыху больш як двухкіламетровага ўчастка аўтадарогі, што праходзіць праз вёску Вялікая Лотва, «пацягнуў» на 540 тысяч рублёў. Яшчэ адзін важкі аб’ект, пачаты летась, – рамонт аўтадарогі Ляхавічы-Свяціца», – расказаў Андрэй Ляшчэня.

Сёлета ў планах дарожнікаў уладкаванне асфальтабетоннага пакрыцця на шляху ад райцэнтра да Начы (арыенціровачны кошт крыху больш як трох кіламетраў удасканаленай дарогі –
749 тысяч рублёў зноў жа з абласнога бюджэту), на ўчастку ў 2,2 кіламетра ў накірунку Грушаўка-Пашкоўцы-Перахрэсце (па папярэдніх разліках абыдзецца амаль у 550 тысяч рублёў), у асфальтабетон апрануцца таксама 944 метры аўтадарогі Гарадзішча-Куршынавічы-Ганцавічы. Дачакаюцца дарожнікаў і некаторыя іншыя аб’екты. Праўда, не на ўсе завітаюць такія глабальныя перамены: дзесьці правядуць ямачны рамонт, гравійкі і грунтовыя дарогі будуць па меры неабходнасці грэйдзіраваць, падсыпаць. Напрыклад, на ўтрыманне і рамонт вуліц і сельскіх населеных пунктаў сёлета выдзелена амаль 155 тысяч рублёў. Па меры магчымасцяў самыя праблемныя ўчасткі будуць «апранацца» ва ўдасканаленае пакрыццё.
Ад неглыбокага экскурсу ў будучыню – да нядаўняй гісторыі, якая часткова і сапсавала раёну «стандартную» статыстыку. У літаральным сэнсе стаміўшыся бясконца «латаць», ДРБУ-200 перавяло ў статус гравійных некалькі кіламетраў разбітых асфальтабетонных вуліц у Гулічах, Куршынавічах. Не лепшае выйсце, але на іх поўнае асфальтаванне спатрэбілася б непад’ёмная сума. Зразумела, гэта не можа служыць апраўданнем. Забяспечыць насельніцтву мінімальныя зручнасці, прадугледжаныя сацыяльнымі стандартамі, а ў ідэале – істотна перасягнуць пастаўленую мяжу на карысць землякоў – задача, якая не страчвае актуальнасці. Ад дарожнікаў патрабуюцца якасная работа, захаванне тэрмінаў і, безумоўна, уважлівыя і адказныя адносіны да зваротаў грамадзян, чаго, на жаль, пакуль якраз і не хапае.
Што датычыць такога сацыяльнага стандарту, як ахоп транспартным абслугоўваннем, то ён прадугледжвае для населеных пунктаў з колькасцю ад 20 да 50 чалавек выкананне не менш як чатырох рэйсаў у тыдзень, больш за 50 чалавек – не менш васьмі рэйсаў у тыдзень, цэнтральных сядзіб сельсаветаў і сельгасарганізацый – не менш за 16 рэйсаў у тыдзень. Зона ахопу транспартным абслугоўваннем складае да трох кіламетраў. У Ляхавіцкім раёне транспартныя стандарты выконваюцца, падкрэсліў Андрэй Ляшчэня. Для зручнасці насельніцтва графік руху грамадскага транспарту можа карэкціравацца з улікам розных акалічнасцяў.
Асвятленне нерэгулюемых пешаходных пераходаў, пра што таксама цікавіўся заяўнік, сацыяльнымі стандартамі не рэгламентуецца, сітуацыя з дарожнай бяспекай знаходзіцца на кантролі ў АДАІ РАУС. Менавіта сюды можна звярнуцца, калі ёсць канкрэтная прапанова па асвятленні дарожных аб’ектаў. З улікам інтэнсіўнасці руху пешаходаў і веласіпедыстаў будуць падрыхтаваны рэкамендацыі ці патрабаванні ў адрас дарожнай ці камунальнай службы. Па даных АДАІ, у апошні час падобных прапаноў не паступала.
Святлана БЕЛЬМАЧ.