Дакумент дарослага жыцця

15 сакавіка 2019-га  навучэнка Востраўскай СШ Кацярына Русакевіч называе адным з самых важных і хвалюючых дзён у сваім жыцці . У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ва ўрачыстай абстаноўцы дзяўчыне быў уручаны галоўны дакумент – пашпарт. Сваімі эмоцыямі васьмікласніца падзялілася з «ЛВ»:
– Мяне перапаўняюць радасць, гонар і хваляванне. Ганаруся тым, што я – грамадзянка Рэспублікі Беларусь. Ведаю, што з атрыманнем пашпарта пашыраюцца правы, з’яўляюцца новыя абавязкі, пачынаецца новы этап майго жыцця. Сваёй вучобай, актыўнай жыццёвай пазіцыяй і справамі мы павінны ўмацоўваць нашу краіну. Вельмі прыемна, што мне даверана са словам у адказ звярнуцца да маіх равеснікаў.
Разам з Кацяй пашпарт грамадзяніна Беларусі ў мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры ўрачыста атрымалі яшчэ 18 выдатнікаў вучобы, спартсменаў, дыпламантаў і прызёраў раённых і абласных прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў і г.д.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч шчыра павіншавала з 25-годдзем Канстытуцыі юных удзельнікаў акцыі БРСМ «Мы – грамадзяне Беларусі!», усіх прысутных. Адзначыла, што з
15 сакавіка ў гэтых рабят пачынаецца новая вяха жыцця: цяпер яны абавязаны адказваць за свае ўчынкі з пазіцыі не школьніка, а грамадзяніна.
Пашпарты – першыя дакументы дарослага жыцця – хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі з рук начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС Валянціны Бабіч.
Першы сакратар райкама БРСМ Марыя Лутавінава ўрачыста ўручыла дзевяці школьнікам бээрэсэмаўскія членскія білеты. Сваё 15-годдзе сёлета адзначаюць маладзёжныя атрады аховы правапарадку. Гэты маладзёжны рух стаў надзейным памочнікам міліцыі. Актывісты МААП – навучэнцы аграрнага каледжа Максім Сезік, Генадзій Андрэйчык і Вольга Фурніка ўзнагароджаны граматамі райкама БРСМ.
У той дзень у ГДК для ўдзельнікаў урачыстасці гучалі песні, віншаванні, у фае былі арганізаваны разнастайныя сучасныя пляцоўкі: фотазона, інтэрактыўная карта Беларусі, кніжная выстава і г.д.

Наталля ПЕРАПЕЧКА. БОЛЬШ фота тут

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.