З крутой пяцёркі. Ляхавічанін Андрэй Цямчык удзельнічаў у фінальным адборы на «Славянскі базар у Віцебску»

У мінулую пятніцу Ляхавіччына трымала кулачкі за свайго музычнага «славянскага героя». Ізноў наш Цямчык. І на гэты раз ён стаў удзельнікам фіналу адборачнага тура ХХVІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». На музычным конкурсе, які прайшоў упершыню ў фармаце гала-канцэрта ў Аршанскім гарадскім цэнтры культуры «Перамога» Андрэй выканаў дзве музычная кампазіцыі – «Нелюбимая» і «Мае бацькі». Непаўторная манера выканання, моцны голас, уменне ўпэўнена трымацца на сцэне – і Цямчык у пяцёрцы лепшых канкурсантаў! Нагадаем, ён стаў адзіным прадстаўніком Брэстчыны на адборачным туры ў гэтым прэстыжным музычным конкурсе.
Андрэй прызнаецца, што вынікам задаволены: – Такія конкурсы дазваляюць убачыць, на якім творчым узроўні ты цяпер знаходзішся, што ты можаш. Аналізуеш і свае пралікі, вучышся ў калег. А яшчэ ў асяроддзі таленавітых людзей, сапраўдных профі, проста зараджаешся іх энергіяй. І, канешне, не ўпусціў магчымасці атрымаць некалькі слушных парад ад зорак беларускай эстрады. Ёсць над чым працаваць, да чаго імкнуцца, галоўнае – жаданне.

Юрый ГРЫНЬ,
дырэктар раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.
Фота аўтара.