Абмеркавалі-прагаласавалі. «ЛВ» пацікавіўся ў ляхавічан: якіх спартыўных аб’ектаў не хапае ў райцэнтры

Пра тое, што хутка ў нашым райцэнтры з’явяцца спартыўныя абноўкі, раёнка пісала ў мінулым нумары. Нагадаем, што ТАА «Санта Рытэйл» па інвестыцыйным праекце выдзеліла на развіццё горада  80 тысяч рублёў спонсарскай дапамогі. Гэта проста выдатна! І хочацца, каб на выдаткаваныя сродкі былі закуплены аб’екты, якія б маглі зацікавіць людзей розных узростаў, каб яны сталі маладзёжнымі і дзіцячымі цэнтрамі.
Як планавалася, спартыўныя кропкі з’явяцца ў гарадскім парку і ў зоне адпачынку на рацэ Ведзьма. Моладзь і прадстаўнікі зацікаўленых службаў свае пажаданні выказалі падчас сустрэчы з намеснікам старшыні райвыканкама Святланай Юрлевіч. «ЛВ» вынес гэту тэму на прасторы інтэрнэту і прапанаваў абмеркаваць яе сваім падпісчыкам у інстаграм, «Аднакласніках» і «Вконтакте».

У ананімным апытанні на сайце (www.lves.by) і ў Вконтакте (vk.com/lvesby) і сваім меркаваннем падзяліліся больш за 140 чалавек. З прапанаваных варыянтаў лідзіруючае месца заняла дзіцячая гульнявая пляцоўка. Каля 60 працэнтаў падпісчыкаў лічаць, што менавіта яе і не хапае ў райцэнтры. Менш інтэрнэт-карыстальнікаў прага-ласавалі за скаладром (18%), вяровачны гарадок (10%) і месца, дзе могуць праводзіць час скейтбардысты (6%).
У інстаграме (lyakhovichskiy_vestnik) падпісчыкі самі прапанавалі варыянты спартыўных аб’ектаў, якія б хацелі бачыць у горадзе. Многія ў каментарыях адзначылі, што Ляхавічам пасаваў бы свой фізкультурна-аздараўленчы цэнтр (хаця ў райцэнтры ёсць фізкультурна-аздараўленчы комплекс) або, напрыклад, басейн. Усё ж не кожны можа даехаць, асабліва з дзеткамі, у суседні Клецк ці Баранавічы. Але самі пасля зразумелі, што на ажыццяўленне такіх жаданняў трэба і іншае фінансаванне. Было меркаванне і наконт так званай каробкі для гульні ў футбол. Але, здаецца, і той, якая знаходзіцца на стадыёне, хапае. Побач не пустуе, нядаўна ўсталяваная варкаўт-пляцоўка.
Усё ж самая рэйтынгавая – дзіцячая гульнявая пляцоўка. І калі менавіта гэты аб’ект больш за ўсё жадаюць бачыць ляхавічане, трэба зрабіць так, каб ён па максімуму мог задаволіць спартыўна-гульнявы іх інтарэс. Значыць, варта паглядзець, прааналізаваць, а можа і павучыцца ў суседзяў.
Дарэчы, добры прыклад у тэму – клецкая гульнявая пляцоўка, якая была выканана ў рамках рэалізацыі ініцыятывы «Гарадскі парк – тэрыторыя развіцця партнёрства» праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.
Па гэтым клецкім адрасе і адправілася група зацікаўленых ляхавічан на чале са Святланай Юрлевіч.
Дзіцячую пляцоўку, якая знаходзіцца ў парку адпачынку, бачна здалёк: яркая, прыгожая, добраўпарадкаваная і, калі так можна сказаць, тэхнічна насычаная. Падыдзеш бліжэй – і адразу зразумела, чаму сюды ахвотна спяшаюцца і дарослыя, і дзеці. Усё проста: тут жа і горкі, і тунэлі, і пераходы… Калі прыглядзецца, заўважыш элементы вяровачнага гарадка, невялікую імітацыю скаладрома і нават штосьці з варкаўт-пляцоўкі. Тут знойдуць, як правесці час, не толькі дзеці.
Побач размясцілася і пляцоўка для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Як бы было дарэчы стварыць і ў нашым парку адпачынку такую кропку. Тым больш, праз дарогу знаходзіцца цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Усё паглядзелі, вопыт суседзяў прынялі да ведама, узялі на аловак іх ідэі і зафіксавалі ў памяці смартфонаў.
Што датычыць апытання, то былі і іншыя адказы, і не ўсе тычыліся спортаб’ектаў. Тым не менш, сапраўды, не хапае ў горадзе магазіна з нізкімі цэнамі тыпу «Fix Price», «Тры цаны», «Еўрашоп». Вельмі актуальным бачыцца адкрыццё сямейнага кафэ. Нездарма многія ляхавічане і сёння ўспамінаюць духмяную каву і смачнае марожанае ў колішнім кафетэрыі «Верас».
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.