Сурагатная трывога. Спажываць сурагаты алкаголю небяспечна і для здароўя, і для жыцця

Сурагатамі з’яўляюцца розныя вадкасці, не прызначаныя для ўнутранага ўжывання, але якія, тым не менш, выкарыстоўваюцца замест алкагольных напіткаў. Самым распаўсюджаным з іх з’яўляецца самагон. Гэта высокатаксічны прадукт, які выклікае стойкія незваротныя змяненні ва ўсім арганізме. Найбольш шкоднае ўздзеянне аказвае сівушны алей – пабочны прадукт спіртавога браджэння. Утрымлівае розныя ядавітыя прымесі: ацэтальдэгід, фурфурол і інш. Калі ядавітыя ўласцівасці этылавага спірту прыняць за адзінку, то для сівушнага алею гэты паказчык складае 19, а для фурфуролу – 83. Якаснага самагону не існуе. Даказана, што атрутнае ўздзеянне нават добра ачышчанага самагону ў 1,3 раза больш, чым віннага спірту.
На жаль, некаторыя грамадзяне гандаль самагонам выбіраюць для сябе як крыніцу асноўнага даходу. Яны забываюць, што нясуць у сем’і гора і слёзы. Акрамя таго, значная колькасць правапарушэнняў і злачынстваў учыняецца ў стане алкагольнага ап’янення і амаль усе – у сферы сямейна-бытавых адносін. Напрыклад, забойства ў Крывошынскім сельсавеце ў мінулым годзе. Падчас распіцця спіртнога паміж членамі сям’і ўзнік скандал, у выніку якога сястра нанесла нажавое раненне брату, і той памёр да прыбыцця брыгады медыкаў.
На тэрыторыі гэтага ж сельсавета ўжо сёлета пасля распіцця спіртнога жонка нанесла мужу ўдар нажніцамі ў вобласць грудзіны. Узбуджана крымінальная справа па арт. 147 КК (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).
Яшчэ адна небяспека: ужыванне сурагатаў алкаголю з вялікай верагоднасцю можа прывесці да смерці ці незваротных наступстваў для здароўя. Пры ўжыванні дэнатурату, ласьёну адчуваюцца аглушэнне, санлівасць, з’яўляюцца суіцыдальныя думкі. Пры атручэнні метылавым спіртам пры вялікіх дозах смерць можа адбыцца на працягу некалькіх гадзін ад параліча дыхання і падзення сардэчнай дзейнасці. Пры сярэдняй ступені атручэння моцна пагаршаецца зрок, аж да поўнай слепаты. Пры атручэнні этыленгліколем (уваходзіць у склад тармазной вадкасці) у арганізме чалавека ўтвараюцца таксічныя прадукты, якія закупорваюць нырачныя канальцы, што прыводзіць да нырачнай недастатковасці.
Дарэчы, і ў дачыненні да алкагольных напіткаў, набытых у гандлёвых аб’ектах, трэба памятаць: празмернае іх ужыванне таксама можа прывесці да лятальнага зыходу.

Алена ВАСІЛЕВІЧ,
старшы інспектар РАУС.