Гарачыя пытанні. Як пазбегнуць пажаранебяспечнай сітуацыі, папярэдзіць вогненныя здарэнні, ішла размова на пазачарговым пасяджэнні Ляхавіцкага райвыканкама

З пачатку года ў раёне здарыліся чатыры пажары: два ў райцэнтры, па адным узгаранні – на тэрыторыі Альхоўскага і Начаўскага сельсаветаў.
Пажар у аграгарадку Нача стаў двайной трагедыяй – загінулі бацька і сын. І гэты сумны факт стаў нагодай для правядзення пазачарговага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта іменна ў Начы. Пытанне адно і гарачае: абмяркоўваліся меры па папярэджанні пажараў, гібелі людзей на іх і ўдасканаленні дзейнасці аглядных камісій у раёне.

Традыцыйны склад удзельнікаў сходу дапоўнілі члены аглядных камісій, створаных пры сельвыканкамах. У тым ліку і да дзейнасці апошніх звярнуўся ў сваім выступленні начальнік РАНС Дзмітрый Чопка. Функцыя гэтых фарміраванняў – прафілактыка ўзнікнення пажараў на падведамаснай тэрыторыі. Работа мнагавектарная і ўключае ў тым ліку і ў прыярытэтным парадку абследаванне домаўладанняў грамадзян на прадмет адпаведнасці супрацьпажарным нормам і правілам. А гэтаму, па меркаванні дакладчыка, у той або іншай ступені не адпавядае прыкладна кожны чацвёрты з ліку правераных аб’ектаў.
У раёне створаны і дзейнічаюць 10 аглядных камісій: 8 пры сельвыканкамах, яшчэ – гарадская і арганізаваная пры райвыканкаме. Была разгледжана, прааналізавана і дадзена «лічбавая» ацэнка рабоце кожнай з іх. Так, створаная пры Начаўскім сельвыканкаме камісія за мінулы год абследавала 662 домаўладанні – 87 працэнтаў ад агульнай тэрытарыяльнай колькасці. Члены камісіі наведаліся ў кожнае з 41 домаўладання адзінокіх пажылых грамадзян, праінспектавалі жыллё ўсіх інвалідаў першай і другой груп, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Праведзена каля дзясятка агульных сходаў жыхароў населеных пунктаў сельсавета з удзелам супрацоўнікаў РАНС. У кастрычніку-лістападзе прайшоў месячнік пажарнай бяспекі, таксама пажарна-прафілактычная акцыя «За бяспеку – разам». Былі члены агляднай камісіі і па сумна вядомым адрасе. Аднак…
Прагучалі прапановы, пастаўлены задачы па павышэнні эфектыўнасці функцыянавання гэтых аглядных фарміраванняў. Камісіям пры Альхоўскім і Начаўскім сельвыканкамах даручана сумесна з РАНС правесці сельскія сходы ў населеных пунктах, дзе ўжо сёлета адбыліся пажары. Ім жа і ўсім іншым падобным фарміраванням разам з пазаштатнымі пажарнымі інспектарамі неабходна да 1 ліпеня правесці пажарна-прафілактычную работу ў домаўладаннях так званай сацыяльна неабароненай катэгорыі грамадзян, асоб, схільных да п’янства. Ставіцца задача і аб пераглядзе складу саміх аглядных камісій і пазаштатных пажарных інспектараў – з упорам на абавязковае ўключэнне ў іх прадстаўнікоў РАНС, РАУС, ЦРБ, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і аддзела па адукацыі райвыканкама, раёна газазабеспячэння, інспекцыі энерганагляду, камунгаса. Пытанне павінна быць актуалізавана да красавіка. Як, дарэчы, і спісы грамадзян, схільных да злоўжывання алкаголем.
Няспраўнасць электраабсталявання і пячнога ацяплення з’яўляюцца найбольш распаўсюджанымі прычынамі ўзнікнення пажараў. З чатырох сёлетніх надзвычайных сітуацый дзве былі справакаваны няспраўнай электраправодкай і столькі ж неасцярожным абыходжаннем з агнём. Аварыйная электраправодка і няспраўныя печы ў вельмі значнай ступені сфарміравалі і «палаючую» статыстыку мінулага года.
Як у рэальнасці можа выглядаць тое, пра што гаварылася вышэй, але чаго быць не павінна, удзельнікі пасяджэння ўбачылі таксама і на кадрах дакументальнай фотахронікі. Печы ў трэшчынах, «гаручая» засмечанасць тэрыторыі, дровы ў месцах, дзе правілы забараняюць ім быць, «няправільныя» дымаходы і іншае, ад чаго паўкрока да бяды.
Разважаннямі такой жа – пажаранебяспечнай – афарбоўкі можна ахарактарызаваць і фотаздымкі РАНС, што ілюструюць недапушчальную нядбайнасць асобных грамадзян у адносінах правіл утрымання сістэм электразабеспячэння жылых памяшканняў, гаспадарчых пабудоў.
Падправіць, тым больш перакласці нанова печ, за-мяніць «худую» электрычную праводку ў жыллі асобным катэгорыям грамадзян часам няпроста з-за ўзросту, стану здароўя, фінансавых магчымасцяў. У многіх з іх ёсць дзеці-ўнукі, якія маглі б і абавязаны заняцца вырашэннем праблемы. Займаюцца не ўсе, і да такіх у РАНС «пісьмовы інтарэс». Як неаднаразова гучала ў ходзе пасяджэння, становіцца практыкай пісьмовы зварот-напамін дзецям, якія пражываюць асобна, аб сітуацыі з пажарнай небяспекай у дамах іх бацькоў з заклікам звярнуць увагу, паклапаціцца і зняць праблему.
Але, і размову ў падобнай танальнасці вялі і старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, і намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран, арганізаванасць, ашчаднасць, зладжанасць, кампетэнтнасць работы ў гэтым накірунку органаў і суб’ектаў прафілактыкі мінімізуюць, аднак, не ў іх сілах выключыць выпадкі ўзнікнення ўзгаранняў-пажараў. Гэта можа гарантаваць сабе толькі сам грамадзянін – адказнасцю перад сабой і грамадствам.

ФАКТ

У мінулым годзе ў раёне адбылося 34 пажары – на 10 больш, чым у 2017-м. У агні загінулі 3 чалавекі. Асноўнымі прычынамі надзвычайных сітуацый сталі неасцярожнае абыходжанне з агнём; парушэнні, дапушчаныя пры эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і ўстройстваў; эксплуатацыя няспраўных электрасетак і электра-абсталявання.
Іван КАВАЛЕНКА.