150 чалавек адгукнуліся на кліч вёскі Хацяж

Цуды адбываюцца не толькі ў казках. Нядаўна нешта накшталт завітала ў Хацяж. Некалі прыгожая і заможная вёсачка, што раскінулася па-над Шчарай-ракой, была мнагалюднай і вясёлай. Прыкладна паўсотні двароў, у кожнай хаце, як мінімум, пяцёра чалавек — сям’я. Шчыравалі ў калгасе, трымалі вялікія падсобныя гаспадаркі. Гасцей сустракалі тут з душой, а ехалі сюды многія, каб адпачыць: рыба ў гэтых мясцінах лавілася і вялікая, і малая, са шчодрымі дарамі вярталіся з лесу паляўнічыя, грыбнікі, ягаднікі.
Сучаснае імклівае жыццё параскідала ўраджэнцаў Хацяжа па свеце. Засталося ў вёсцы 17 дамоў, ды і тыя са шчыльна занавешанымі вокнамі. І толькі ў шасці жывуць людзі. Самотна і шчымліва на душы. І ўсё ж хто нарадзіўся на гэтай прыгожай зямлі, той адчувае яе духоўнае прыцяжэнне. Прыязджаюць хаця б на Радаўніцу. А на гэты раз былы брыгадзір Васіль Равяка сабраў на «нараду» сваіх аднавяскоўцаў. Леаніда Ракашэвіч, Канстанцін Ракашэвіч, Ніна Шпак, Зоя Вялько падтрымалі ініцыятыву сабраць усіх, хто нарадзіўся ў Хацяжы, і наладзіць асаблівае свята вёскі. Адзін аднаму наказалі, паляцелі па свеце паштоўкі, у розных кутках Беларусі, у гарадах Украіны, Расіі гучалі нечаканыя тэлефонныя званкі.
…І ажыла вёска Хацяж. Неспадзявана расчыніліся вокны і дзверы ў дамах, якія даўно ніхто не наведваў. Прыехалі нават тыя вяскоўцы, чыіх хатаў ужо няма, і людзі толькі па прыкметах пазнавалі, дзе былі іх сядзібы. Але яны не засталіся беспрытульнымі — шчыра і гасцінна іх сустрэлі суседзі і сваякі.
Як некалі, на лавачках прыселі вяскоўцы, загучалі музыка і песні. Неўзабаве з падарункамі і пачастункамі ўсе сталі выходзіць на вуліцу і гатаваць імправізаваны стол, які раскінуўся на дзясяткі метраў: каля 150 чалавек адгукнуліся на кліч сустрэцца.
Колькі было ўспамінаў! Старэйшыя вяскоўцы ўзгадвалі вайну. У далёкім 1943 годзе варожыя самалёты спалілі вёску, засталіся толькі 2 хаты, што стаялі наводшыбе. Большая частка люду не пакінула родныя мясціны, а пачала будаваць зямлянкі на сваіх папялішчах. І стала вёска Хацяж вёскай-партызанкай. Да сёння памятаюць тут Ракашэвічаў Іосіфа, Аляксея, Сямёна, якія змагаліся ў партызанскім атрадзе імя Сяргея Лазо. Свяшчэннае месца — пад адзінокай бярозай, дзе былі пахаваны, а пасля перапахаваны ў брацкую магілу партызанскі камандзір Васілій Семеннікоў і яго ад’ютант Дзмітрый Галабародзька, расстраляныя фашыстамі. Мінутай маўчання вяскоўцы ўшанавалі памяць пра тых, каго ўжо няма побач.
Пасля вызвалення вёска адбудавалася, нарадзіла і выхавала новае пакаленне: ёсць сярод выхадцаў з Хацяжу артысты, інжынеры, настаўнікі, сувязісты, хлебаробы — усе яны родам з гэтых прыцягальных мясцін. Уражэнцы вёскі Хацяж і афіцэр ваенна-марскога флоту капітан другога рангу Іван Пішч, маёр Віктар Станіславовіч.
…Песні, успаміны, слёзы радасці і спадзяванняў, узнёслыя вершы — усё пра малую радзіму. Да позняй ночы ці аж да рання іх слухалі наваколле і Шчара-рака. Мы і на гэты раз раз’ехаліся хто куды, але каб праз час зноў сустрэцца.
Васілій РАКАШЭВІЧ,
ураджэнец вёскі Хацяж.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *