Прад’явіце пашпарт, школа!

Такі пейзаж упрыгожвае двор Мядзведзіцкай СШ

Каб вызначыць ступень падрыхтаванасці ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года, а пры выяўленні пэўных недахопаў даць час на іх выпраўленне, у апошнія некалькі гадоў традыцыйная праверка гатоўнасці праводзіцца ў першай палове жніўня. Вось і сёлета спецыяльныя камісіі ў складзе кіраўніцтва і спецыялістаў аддзела адукацыі райвыканкама, прадстаўнікоў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, аддзела па надзвычайных сітуацыях, энерганагляду з 9 па 15 жніўня наведалі ўсе адукацыйныя аб’екты: 20 школ, 20 дзіцячых садоў, цэнтр пазашкольнай работы, 2 вучэбна-вытворчыя камбінаты.
«Усё правяралася, вывучалася і аглядалася дасканала, грунтоўна, уважліва, каб на працягу навучальнага года рабяты не адчувалі нейкіх бытавых праблем, вучыліся і адпачывалі ў бяспечных умовах», — гаворыць начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Леанід Калбаса. Для яго прыёмка — своеасаблівы экзамен на новай пасадзе, да гэтага ён сам быў экзаменуемым (апошнія гады — як дырэктар гімназіі).
Сёлета на разнастайныя рамонтныя работы з раённага бюджэту было выдаткавана і зрасходавана каля мільярда рублёў. Пэўную дапамогу ў падрыхтоўцы школ і дзіцячых садоў аказалі шэфы і спонсары. Напрыклад, ЗТАА «БелДан» за ўласныя сродкі робіць рэканструкцыю і капітальны рамонт спартыўнай залы ў Востраўскай сярэдняй школе. Юныя вастраўчане ўжо з верасня будуць займацца фізкультурай і спортам і ўмацоўваць здароўе амаль што ў новым памяшканні. Сюрпрыз рыхтуе для сваіх вучняў і СШ № 2. З 1 верасня разнастайныя мерапрыемствы будуць праводзіцца ў расшыранай актавай зале. Як расказала дырэктар школы Святлана Якубоўская, акрамя сродкаў з раённага бюджэту, школа сабрала на свой рахунак яшчэ 36 мільёнаў рублёў. Гэта спонсарская дапамога СВК «Жарабковічы», ПУП «ДуганаўБуд», 20 мільёнаў зарабілі вучні, якія збіралі металалом і макулатуру, дапамогу аказаў і папячыцельскі савет СШ № 2.
Як паведаміў Леанід Калбаса, спонсарскую дапамогу школам і дзіцячым садам аказваюць таксама СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ТАА «Трансэлектракамплект», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», большасць сельгаспрадпрыемстваў. Не засталіся ў баку бацькі і самі вучні школ, якія дапамагалі фарбаваць, клеіць шпалеры, збіралі мэблю, прымалі ўдзел у добраўпарадкаванні тэрыторыі.
У мінулую сераду «ЛВ» пабываў на прыёмцы шэрагу аб’ектаў адукацыі. Першай на маршруце была Мядзведзіцкая СШ. Маштабнасць замацаванай за ёй тэрыторыі ўражвае — 4,5 гектара. І кожны квадратны метр добраўпарадкаваны, дагледжаны. Хапае месца для дрэў і яблыневага саду, клумбаў і альпійскіх горак, двух стадыёнаў. Як адзначыў дырэктар школы Уладзімір Рачкоўскі, пастаянна дапамагаюць падкошваць траву шэфы з прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Касметычны рамонт зроблены ў класах, калідорах, фае, спартыўнай зале. Тут вельмі ўтульная сталовая, дзе рабяты абедаюць пад любімыя мелодыі. Школьныя повары ўпэўнены: музыка паляпшае не толькі апетыт, але і настрой, што ўплывае на жаданне вучыцца. Вучэбна-выхаваўчы працэс тут пачнецца з пашпартам гатоўнасці ўстановы, які школа атрымала.
Ганчароўскі дзіцячы сад сустрэў прыёмную камісію цішынёй, зусім нязвыклай для ўстановы, дзе выхоўваюцца маленькія гарэзы. У гэты дзень у садку не было ніводнага дзіцяці з 9 наведвальнікаў адзінай групы дашкалят. У гульнёвым, спальным пакоях, спартыўнай зале — парадак, чысціня. Тэрыторыя садка абкошана і падмецена. А вось нейкай іскрынкі, калі хочаце, — эксклюзіўнасці ўбачыць не давялося. Але гэта суб’ектыўнае меркаванне — пашпарт гатоўнасці сад атрымаў.

У старэйшай групе дзіцячага сада №4

Пераменлівае надвор’е мінулай серады яўна было на баку гарадскога дзіцячага сада № 4. Дождж змяніла яркае сонейка, і тэрыторыя дашкольнай установы зазіхацела рознымі фарбамі. Якая тут прыгажосць, утульнасць і чысціня! Двор патанае ў кветках. Удала ўпісваюцца ў агульны пейзаж адрамантаваныя і падфарбаваныя дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі, штучныя грыбы, вельмі падобныя на сапраўдныя. Дарэчы, з’явіліся яны тут дзякуючы добрым і клапатлівым суседзям — ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас». Гульнёвыя і спальныя пакоі садка — у ідэальным стане. Ужо з дзяцінства 62 маленькія выхаванцы, аб’яднаныя ў малодшую, сярэднюю і старэйшую групы, вучацца спасцігаць і разумець прыгожае. Не застаюцца ў баку ад клопатаў адміністрацыі, усяго калектыву і бацькі выхаванцаў.
Увогуле, што датычыцца дашкольных устаноў Ляхавіччыны, то, як адзначалі члены прыёмных камісій, наведванне іх прыносіла толькі станоўчыя эмоцыі і задавальненне ад убачанага. Гэта датычыцца дзіцячых садкоў №№ 1 і 2 у райцэнтры, Востраўскага, Тухавіцкага, Галаўнінскага, Ураджайнінскага, Жарабковіцкага. Сапраўды, дзіву даешся, наколькі багатая фантазія ў работнікаў дашкольных устаноў. Хочаце трапіць у сапраўдную казку — завітайце ў Начаўскі дзіцячы сад. Кожны год ён радуе нечым новым, запамінальным. І сёлета выхавальнікі і іх памочнікі папрацавалі дзеля таго, каб рабяты адчувалі сябе тут як дома.
У прыёмнай камісіі пытанняў па падрыхтаванасці гімназіі да новага навучальнага года не ўзнікла. Варта адзначыць, што ўсяго толькі некалькі тыдняў установу ўзначальвае новы дырэктар Таісія Шыбун, але ініцыятыву яна паспела праявіць. Светлымі фарбамі зайгралі ўсе лесвічныя праёмы. Новая палітра ўдала ўпісалася ў агульную карціну. Абноўка і ў гімназічнай сталовай — тут з’явілася мэбля на суму звыш 100 мільёнаў рублёў. Дзякуючы намаганням тэхработнікаў, настаўнікаў, касметычны рамонт зроблены ў класах і калідорах.
Задаволена падрыхтаванасцю ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, якая адзначыла зацікаўленасць іх адміністрацый, педработнікаў, тэхнічнага персаналу ў тым, каб усе ўстановы горада і раёна былі самабытнымі і прывабнымі, а дзеці адчувалі сябе камфортна. Дарэчы, у гэтым накірунку паспяхова спрацавалі і ЦКРНіР, цэнтр дадатковай адукацыі, вучэбна-вытворчыя камбінаты ў райцэнтры і Тухавічах.
Па словах Леаніда Калбасы, акрамя тэхнічнага пераўзбраення і новага афармлення ў 2012/2013 навучальным годзе школу чакаюць і новаўвядзенні ў адукацыйным працэсе. Наступным летам 11-класнікі будуць здаваць абавязковы экзамен па гутарковай замежнай мове, прадоўжыцца і эксперымент з навучаннем без адзнак у пачатковай школе, прадугледжана рэалізацыя іншых праектаў.
У першы дзень новага навучальнага года ў школы пасля летніх канікулаў прыйдуць адпачнуўшыя і засумаваўшыя па сябрах, настаўніках і роднай школе рабяты. Вучыцца яны павінны ў бяспечных умовах. Такія створаны ў школах і дзіцячых садах Ляхавіччыны.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *